Чорная метка на дзвярах лукашэнкаўскай рэзідэнцыі
5- 28.10.2026, 15:03
Дыктатар не ўпэўнены ў сваёй арміі.
Беларускі журналіст і былы палітвязень Ігар Карней у калонцы для «Радыё Свабода» паразважаў над перспектывамі ўступлення беларускай арміі ў вайну супраць Украіны:
— У апошні час мірнае насельніцтва Украіны больш за ўсё церпіць ад атак балістычных ракет: скарыстоўваючы недахоп у ўкраінцаў сродкаў СПА, расіяне б’юць амаль без разбору і ў любы час сутак. Украінская разведка не выключае, што сітуацыя можа пагоршыцца: Крэмль настойліва схіляе Лукашэнку здаць у «арэнду» для запускаў памежныя раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Яшчэ пад прыкрыццём вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022», пасля якіх расійская армія рушыла праз ласкава распахнутыя вароты ў бок Кіева, Беларусь атрымала некалькі дзясяткаў пускавых установак — «Іскандэры», «Точка-У», зенітныя сістэмы С-300, С-400 і іншае. Імі, уласна, спачатку і лупілі па паўночных раёнах Украіны аж да Кіева. Толькі ўсё больш пераканаўчыя пагрозы атрымаць «адказку» па палігонах і аэрадромах прымусілі згарнуць такую практыку.
Аднак, паводле звестак калег з праекта «Схемы», вайскоўцы ў аўральным рэжыме мадэрнізуюць захаваную інфраструктуру. Канчатковая мэта — накрыць ударамі і заходнія рэгіёны Украіны. Бо гаворка пра мінімальную адлегласць у 400–500 кіламетраў, гэта азначае яшчэ адну смяротную небяспеку для гараджан: сігнал паветранай трывогі будзе гучаць фактычна адначасова з выбухамі.
Праўда, як падкрэслівае журналіст, пакуль што гэта тэарэтычны расклад:
— Паколькі рыторыка ўкраінскага кіраўніцтва стала непараўнальна жорсткай, чым на пачатку агрэсіі, уладам Беларусі давядзецца не раз падумаць, ідучы на павадку ў Масквы.
Тым больш, што чорная метка пад дзверы лукашэнкаўскай рэзідэнцыі падкінута яшчэ раней. Сапраўдным галаўным болем для ЗСУ сталі рэтранслятары, якімі Беларусь забяспечвае ўзброеныя сілы Расіі. Гэтыя станцыі, устаноўленыя пераважна на вежах мабільнай сувязі, з’яўляюцца «вачамі» беспілотнікаў, дапамагаючы ім дабрацца да зададзенай мэты на тэрыторыі Украіны. Беларускі рэсурс па максімуме быў задзейнічаны пасля таго, як расіяне пазбавіліся доступу да амерыканскай спадарожнікавай сеткі Starlink, а ўласная альтэрнатыва з «Рассветам» застаецца прывіднай.
Летні ўльтыматум прэзідэнта Зяленскага Мінску — фізічна заглушыць узмацняльнікі сігналу — меў кароткачасовы эфект, аднак з восені прыборы зноў запрацавалі. Відаць, ціск з боку Масквы аказаўся мацнейшы, чым страх перад пакараннем. Пакуль украінскі бок у асноўным задзейнічае глушылкі, бо іншае рашэнне, як і ў выпадку з балістыкай, даволі радыкальнага кшталту: прымусовае «абнуленне» прадмета спрэчкі. Праўда, зноў жа, з верагоднасцю ўцягвання ў канфлікт беларускай арміі. А другі фронт Украіне ні да чаго.
Ды і Лукашэнка ад такой перспектывы наўрад ці ў захапленні. Яго войска нешматлікае (усяго 50 тысяч штыкоў) і ў масе сваёй укамплектавана ваеннаслужбоўцамі тэрміновай службы. Як яны павядуць сябе на полі бою — яшчэ пытанне. Украінцы беларусам ніколі ворагамі не былі. Адпаведна, калектыўная матывацыя практычна нулявая.