Падпал станцыі Starlink у Польшчы: Турцыя затрымала 85 падазраваных
- 27.10.2026, 23:08
Лідар банды хаваецца ў Расіі.
У аўторак, 27 кастрычніка, турэцкая паліцыя затрымала 85 чалавек у 30 правінцыях краіны падчас рэйдаў супраць стамбульскай злачыннай групоўкі «Далтонлар».
Яе падазраюць у датычнасці да падпалу наземнай станцыі Starlink у Польшчы, паведамляе Turkish Minute.
Сярод затрыманых — 35 непаўналетніх. Паводле версіі следства, групоўка вербавала людзей праз сацсеткі, дадавала іх у групы ў WhatsApp і ўжо там давала заданні на здзяйсненне нападаў. Следчыя мяркуюць, што частка затрыманых рыхтавала новыя атакі.
Станцыю Starlink у населеным пункце Воля-Кробовска на поўдзень ад Варшавы падпалілі 23 верасня. Агонь пашкодзіў сістэму электразабеспячэння і генератар, аднак ніхто не пацярпеў, а станцыя пасля аднавіла працу. Польскі міністр-каардынатар спецыяльных службаў Тамаш Сямоняк абвінаваціў у падпале расійскую разведку. Украінская армія выкарыстоўвае Starlink для сувязі і каардынацыі баявых дзеянняў.
12 кастрычніка ў нямецкім Нюртынгене па еўрапейскіх ордэрах і на запыт Польшчы былі затрыманыя двое грамадзян Турцыі ва ўзросце 34 і 38 гадоў. Нямецкі суд пакінуў іх пад вартай да моманту перадачы Польшчы, дзе іх абвінавачваюць у дыверсіі і працы на замежную разведку. Пра меркаваныя сувязі гэтых асоб з групоўкай «Далтонлар» раней пісалі выданне Der Spiegel і тэлерадыёкампанія ARD.
Турэцкія следчыя перакананыя, што групоўкай кіруюць з Расіі. Яе меркаваны лідар Бератджан Гёкдэмір, вядомы як Джан Далтон, знаходзіцца ў міжнародным вышуку Інтэрпола. У 2024 годзе яго затрымалі ў Расіі, але, нягледзячы на запыты Турцыі, так і не выдалі.