Пол Макартні здзівіўся росту акцёра, які грае яго ў фільме пра The Beatles
- 13.10.2026, 20:14
- 1,216
Музыкант заявіў, што ён быў аднолькавага росту, як Ленан і Харысан.
Сузаснавальнік брытанскага гурта The Beatles Пол Макартні назваў галоўную прэтэнзію да новага баёпіка пра калектыў. Думкамі пра маючы адбыцца фільм Сэма Мендэса 84-гадовы рок-музыкант падзяліўся ў падкасце Эмі Полер «Good Hang».
Фільм з чатырох частак плануюць выпусціць у красавіку 2028 года. У стужках, кожная з якіх будзе прысвечаная аднаму з удзельнікаў «ліверпульскай чацвёркі», здымуцца Пол Мэскал, Гарыс Дыкінсан, Джозэф Куін і Барры Кіоган у ролях Макартні, Джона Ленана, Джорджа Харысана і Рынга Стара адпаведна.
Макартні здзівіўся росту Мэскала, якому належыць яго ўвасобіць. Музыкант падкрэсліў, што ён быў аднолькавага росту, як Ленан і Харысан, а Стар заўсёды быў крыху ніжэйшы, але ў некалькіх баёпіках гурта Макартні паказвалі ніжэйшым за сваіх калег.
«І вось ізноў — Мэскал ніжэйшы, чым хлопец, які грае Джона», — абурыўся ён.
Макартні пераканаўся ў гэтым, калі Мендэс прыслаў яму фота са здымачнай пляцоўкі ў той дзень, калі чацвёра акцёраў пераходзілі Эббі-Роўд, каб узнавіць культовую вокладку альбома The Beatles.
«І персанаж Пола быў прыкметна ніжэйшы ростам», — у жарт пажаліўся Макартні.