Паміж Іранам і Расеяй заіскрыла
- 29.08.2025, 20:27
- 15,148
МЗС РФ асудзіў “адыёзныя і абуральныя” заявы з Ірана на адрас Крамля.
У некаторых СМІ Ірана распаўсюджваюцца "недакладныя публікацыі аб замежнай палітыцы Расеі з мэтай кінуць цень на прыязныя расейска-іранскія стасункі”, заявіў расейскі МЗС.
У гэтых матэрыялах гаворыцца, што Масква не з'яўляецца “надзейным партнёрам" Тэгерана і не дапамагла яму “належным чынам” падчас 12-дзённай вайны з Ізраілем. МЗС заявіў, што з'яўленне такіх звестак з'яўляецца “скаардынаванай дэзінфармацыйнай кампаніяй”, якая праводзіцца “варожымі” для дзвюх краін сіламі.
"Найбольш адыёзная думка была выказаная чальцом іранскай Рады для вызначэння мэтазгоднасці прынятых пастаноў [Махамедам] Садрам, які 24 жніўня бяздоказна заявіў у відэаінтэрв'ю, што “Расея перадала Ізраілю выведвальную інфармацыю з дакладнымі каардынатамі ўсёй іранскай СПА”, — гаворыцца ў заяве МЗС.
Матэрыял са словамі Садра выпускала “ВВС на фарсі".