13 снежня 2025, Субота, 6:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лукашэнкі з'явіўся сур'ёзны вораг у Маскве

21
У Лукашэнкі з'явіўся сур'ёзны вораг у Маскве

Хто «даносіць» на яго Пуціну?

У нядаўнім інтэрв'ю правадыр Беларусі між іншым закрануў балючую для яго тэму, піша «Салідарнасць». Хто тыя ворагі, якія «даносяць» Пуціну на Лукашэнку?

«У Пуціна, можа быць, закрадаецца нейкі сумнеў»

Каментуючы журналісту Сайману Шустэру актывізацыю дыялогу паміж Беларуссю і ЗША, Лукашэнка заявіў пра крытыку з Расеі:

- Нібыта мы вярнуліся да нейкай палітыкі шматвектарнасці. Вось нават нас за гэта крытыкуюць, самі праводзяць шматвектарную палітыку, а нам нельга. Але гэта адна група людзей, хоць на чале гэтай групы салідны інстытут.

- Міністэрства замежных спраў? - удакладніў Шустэр.

- Не, не Міністэрства, інстытут. Адзін інстытут, і яны рыхтуюць гэтую кашу і накіроўваюць у адміністрацыю, у МЗС, можа, і яшчэ кудысьці. Усё гэта чытаецца, я з Уладзімірам Уладзіміравічам перагавару на гэтую тэму, гэта адна група людзей…

- Але ў яго, у вас ёсць адчуванне, што выклікае нейкую заклапочанасць, што, можа быць, ён вам раіць, напрыклад: ды не трэба з гэтымі амерыканцамі так актыўна камунікаваць.

- Не, такога не было, але, ведаючы характар Уладзіміра Уладзіміравіча, я ведаю, што ён чалавек абсалютна цвярозы ў ацэнцы сітуацыі. У яго, можа быць, закрадаецца нейкі сумнеў. Але ён мне ніколі пра гэта не казаў. Ніколі. Але я дапускаю, што можа быць, можа быць.

Лукашэнка дадаў: «Непрыемна, вядома, калі шчыра казаць, калі там хтосьці ў Расеі так думае, піша».

У сувязі з гэтай скаргай дыктатара Беларусі ўспамінаецца сітуацыя канца красавіка гэтага года, калі пры размове ў Валгаградзе Лукашэнка нечакана стаў апраўдвацца наконт георгіеўскіх стужачак, выкарыстанне якіх улады Беларусі не заахвочваюць.

Праз некалькі дзён дыктатар даў зразумець, што на яго хтосьці «настукаў» Пуціну:

– Што мяне здзівіла, ён (Пуцін-рэд.) кажа: «Слухай, раскажы мне, у чым справа». Я кажу: «Я думаў, гэта ад цябе ўсё ідзе». - Не, я першы раз чую.

Відавочна, што нейкая сіла, «салідны інстытут», сапраўды супрацьстаіць Лукашэнку і адпраўляе свае даклады кіраўніцтву Расеі. Хто гэта можа быць? «Салідарнасць» называе падазраванага №1.

Супраціўнікі Лукашэнкі ў Маскве

У сеціве можна знайсці, што «Аддзел Беларусі Інстытута краін СНД» шмат гадоў крытыкаваў Лукашэнку, у тым ліку, за адмову ад сімволікі «рускага свету». Вось характэрны загаловак: «Улады Рэспублікі Беларусь супраць георгіеўскай стужкі і Несмяротнага палка».

Зараз разбяромся, што гэта за Інстытут краін СНД. Ён быў створаны ў 1996 годзе, поўны спіс заснавальнікаў не называецца, але сярод іх былі Расейская акадэмія навук і МДІМД МЗС РФ. У лік асноўных карыстальнікаў дакладаў Інстытута ўваходзяць Дзярждума, Савет Федэрацыі, МЗС, Савет Бяспекі і Адміністрацыя прэзідэнта РФ.

Кіраўніцтва і супрацоўнікі Інстытута - шчырыя імперцы і прыхільнікі «рускага свету». Дырэктар установы Канстанцін Затулін вядомы сваёй даволі рэзкай крытыкай Лукашэнкі і спробамі ціску на яго.

У 2019-м Затулін заявіў пра тое, што ў паводзінах уладаў Беларусі прыкметныя антырасейскія настроі: «(Лукашэнка) публічна выступае супраць канцэпцыі рускага свету, адхіляе «Несмяротны полк» на падставе рэўнасці аб аўтарстве».

У кастрычніку 2022 года Затулін заявіў, што лёс Лукашэнкі і Беларусі звязаны з ходам «СВА» на Украіне:

- Таму што мы з Беларуссю апынуліся ў адной лодцы. Прычым ён (Лукашэнка) апынуўся ў ёй яшчэ раней, чым мы, з улікам таго, што адбылося ў 2020 годзе на выбарах. І зыходзячы з гэтага, мне здаецца, можна меркаваць, узмацненне ўзаемадзеяння.

Цікава, што ў 2012-м Лукашэнка прымаў у Менску Затуліна, але пазней такога гонару ён ужо не меў.

Яшчэ больш развязныя ў сваіх выказваннях і ацэнках дзейнасці правадыра Беларусі падначаленыя дырэктара Інстытута краін СНД.

Намеснік кіраўніка Інстытута Уладзімір Жарыхін, каментуючы стасункі Беларусі і Расеі, параўноўваў Лукашэнку з жонкай, якая цалкам залежыць ад мужа, але пры гэтым робіць усё, што ёй прыйдзе ў галаву.

Як згадвалася вышэй, у Інстытуце краін СНД ёсць асобны «аддзел Беларусі». Кіруе ім Аляксандр Фадзееў, былы супрацоўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм УДТРК.

Ён таксама крытыкуе Лукашэнку. Фадзееў адзначаў, што Беларусь «фактычна замарозіла стварэнне саюзнай дзяржавы ў 2002 годзе». І казаў: «Што тычыцца палітычных супярэчнасцяў Масквы і Менска, то яны датычацца міжнароднага аспекту, дзе Беларусь не выконвае свае супольніцкія абавязкі — гэта праблема, і гэта выклікае негатыўную рэакцыю. І нейкай іншай рэакцыі ў Крамлі тут і не можа быць».

У падначаленні Фадзеева - і зусім адыёзны Юрый Баранчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела і шэф-рэдактар прапагандысцкага агенцтва «Рэгнум».

Ён таксама крытыкуе Лукашэнку за павольную інтэграцыю з Расеяй. Больш за тое, ураджэнец Беларусі, які пераехаў на працу ў Маскву, заяўляў, што ў выпадку правядзення рэферэндуму грамадзяне нашай краіны нібыта з радасцю падтрымаюць уступленне ў склад РФ. Фактычна, уся яго аргументацыя ў тым, што беларусы нібыта спакушаюцца больш высокімі «расейскімі заробкамі».

У 2017 годзе падчас «справы Рэгнума» Баранчыка затрымлівалі ў Маскве на запыт Менска, але адпусцілі праз тры дні. Ягоным тром калегам у Беларусі пашанцавала менш: яны правялі за кратамі каля года.

У Менску ёсць яшчэ «прадстаўнік Інстытута краін СНД у Беларусі» Мікалай Сяргееў, былы супрацоўнік Белтэлерадыёкампаніі. Ён са зразумелых прычын Лукашэнку за павольную інтэграцыю з РФ не крытыкуе, але папулярызуе ідэі «рускага свету». Летась Сяргееў прапанаваў стварыць падручнік «гісторыі адзінай Айчыны».

Памылка Лукашэнкі

Крытыкуюць улады Беларусі за недастатковы ўзровень прараейскасці і лаяльнасці і іншыя супрацоўнікі Інстытута краін СНД. Напрыклад, нядаўна загадчык аддзела Украіны Іван Скорыкаў абвінаваціў «дэпутата» і гісторыка Ігара Марзалюка ў распаўсюдзе фэйкаў і дэманстратыўнай адмове ад георгіеўскай стужачкі.

Агулам, можна канстатаваць, што нягледзячы на назву і спіс заснавальнікаў, Інстытут краін СНД – відавочна псеўданавуковая ўстанова. Гэта адкрыта прапагандысцкі рэсурс у руках кіраўніцтва РФ.

Заявы прадстаўнікоў Інстытута і іх даклады – яркае сведчанне адной з галоўных палітычных памылак Лукашэнкі. Усё жыццё ён стараўся быць бліжэй да Расеі, спадзеючыся на падзяку і ўзнагароду. Але рэакцыя ў Маскве зусім іншая: там у добраахвотнай адмове ад поўнай незалежнасці бачаць слабасць і хочуць дамагчыся яшчэ большай пакоры.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках