13 снежня 2025, Субота, 6:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На скляпеннях 500-гадовага храма ў Мураванцы з'явіліся расколіны

7
На скляпеннях 500-гадовага храма ў Мураванцы з'явіліся расколіны

Прыход самастойна развязаць праблему не можа праз адсутнасць фінансаў.

У 500-гадовым храме-крэпасці ў Мураванцы Шчучынскага раёна з'явіліся расколіны на скляпеннях на вышыні 12 метраў. Прыход самастойна развязаць праблему не можа праз адсутнасць фінансаў. Ды і паводле закону займацца рамонтам у старадаўняй царкве нельга – храм адносіцца да нулявой катэгорыі, гэта значыць, мае статус аб'екта гісторыка-культурнай каштоўнасці, уключанага ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, піша Hrodna.life.

Пра праблему расказалі на дзяржаўным рэсурсе news.by.

Настаяцель прыхода храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы іерэй Алег Засім расказаў, што тынкоўка на 12-метровай вышыні парэпалася. Невядома, гэта толькі павярхоўныя пашкоджанні ці расколіны закранаюць і самі скляпенні. Для таго каб высветліць маштаб пашкоджанняў, неабходныя лабараторныя даследаванні.

«Трэба зразумець, у якім яна стане [апынулася] за мінулыя 200 гадоў. Калі няма адслаення, то ўсё роўна трэба гэтыя расколіны старанна затынкаваць, старанна зашпакляваць. Сама столь ужо чорная. Вы бачыце, у якім яна стане. Самі бяліць яе мы не можам ніяк», – кажа святар.

Цяпер парафія, архітэктары і прадстаўнікі Гарадзенскай дыяцэзіі шукаюць спонсараў, якія маглі б аплаціць і даследаванні, і працу спецыялістаў у рэстаўрацыі святыні.

Таксама, паводле словаў пробашча, у храме не стае вентыляцыі і сучаснай электраправодкі, але і на гэта пакуль грошай таксама няма.

Дарэчы, у 2022 годзе царква атрымала грант ад дзяржавы на рэстаўрацыйна-кансервацыйныя працы. На рамонт Мураванкі тады накіравалі 550 тысячаў рублёў. Рэстаўрацыю пачалі восенню 2022 года. Яна ўключала ў сябе абнаўленне фасадаў: пераклалі, дзе гэта патрабавалася, цэглу, знялі пазнейшыя пласты фарбы, а таксама былі зробленыя рамонт даху і замена вадасцёкавай сістэмы.

Свята-Раства-Багародзіцкая царква, вядомая як Мураванка (паводле назвы вёскі) – помнік абарончага дойлідства. Яна была пабудаваная паміж 1516 і 1542 гадамі, мае стылявыя рысы беларускай готыкі з элементамі рэнесансу. Моцна пацярпела ў войнах XVII–XVIII стагоддзяў, была ў запусценні. У ХІХ стагоддзі перажыла капітальны рамонт, у 1920-я гады дзейнічала як касцёл. У 1989 годзе царкву вярнулі праваслаўным вернікам.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках