Украіна атрымала новую партыю «Абрамсаў» ад заакіянскага супольніка
10- 19.07.2025, 11:56
- 7,430
І гэта не ЗША.
Аўстралія перадала Украіне танкі M1A1 Abrams, як і было абяцана раней. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на заяву ўрада краіны.
Як адзначыў міністр абароны Аўстраліі Рычард Марлз, Кіеў ужо атрымаў большую частку з 49 абяцаных танкаў, а астатнія будуць дастаўленыя ў найбліжэйшыя месяцы.
Агульны кошт гэтага пакета дапамогі складае 245 мільёнаў аўстралійскіх даляраў (каля 160 мільёнаў даляраў ЗША).
"Танкі M1A1 Abrams унясуць значны ўклад у барацьбу Украіны супраць незаконнага і амаральнага ўварвання Расеі", - падкрэсліў міністр, дадаўшы, што Аўстралія працягне надаваць Кіеву ўсебаковую падтрымку.
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ у лютым 2022 года Аўстралія зарэкамендавала сябе як адзін з найбуйнейшых партнёраў Украіны за межамі NATO. Канбера ўжо прадаставіла дапамогу на агульную суму каля 980 мільёнаў даляраў ЗША.
Яна ўключае не толькі танкі, але і шырокі асартымент боепрыпасаў, абсталявання і абарончых сродкаў, неабходных украінскаму войску на фронце. Акрамя таго, Аўстралія ўцягнутая ў праекты антырасейскіх санкцый, што тычыцца так званага «ценявога флоту» РФ.
Таксама краіна надае Украіне поўную падтрымку на палітычнай і інфармацыйнай прасторы.