У Пуціна можа не аказацца грошай, закладзеных у план на 2026 год
6- 11.10.2025, 12:04
- 5,696
Расійскі бюджэт трашчыць па швах.
Бюджэт Расіі ў наступным годзе наўрад ці апынецца такім, якім яго ўнеслі ў Дзярждуму. Сёлета яго двойчы карэктавалі з-за падзення даходаў, і ў 2026 г. гісторыя можа паўтарыцца, піша The Moscow Times.
«Мяркуем, што ў чэрвені 2026 г. бюджэт будзе істотна скарэктаваны ў выніку больш рэалістычных паправак, як гэта было зроблена ў 2025 годзе. Парламент папраўкі ўхваліць», — гаворыцца ў прэзентацыі прафесара ВШЭ, галоўнага навуковага супрацоўніка ІНП РАН Мсціслава Афанасьева і прафесаркі РЭУ ім. Пляханава Наталлі Шаш да «Вялікай дыскусіі» пра фінансавы план на будучы год, «самым складаным бюджэце [ваеннай] пяцігодкі».
Праект бюджэту прадстаўлены на падставе «вельмі аптымістычнага» макраэканамічнага сцэнара, адзначаюць Афанасьеў і Шаш. «Асобнымі тэмамі з'яўляюцца: прагноз дзелавой актыўнасці прыватнага бізнесу, дынаміка дзяржаўных і прыватных інвестыцый у наступным годзе, — працягваюць яны. — Дыскусійнымі з'яўляюцца ацэнкі ўзроўню інфляцыі, а таксама росту ВУП як у колькасным, так і ў якасным вымярэнні».
Але на падставе спрыяльнага прагнозу асноўныя характарыстыкі бюджэту выглядаюць «даволі прывабна і пазітыўна, у тым ліку ў параўнанні з бягучым годам». Старшыня Цэнтрабанка Эльвіра Набіуліна ужо пахваліла ўрад, назваўшы бюджэт-2026 «дызінфляцыйным».
Бюджэт выглядае збалансаваным: выдаткі, вядома, вырастуць — але не так моцна, як раслі ў першыя чатыры гады вайны. З 24,8 трлн руб. у 2021 г. яны ўзляцелі да 40,2 трлн руб. летась і да 42,8 трлн у гэтым годзе, згодна з апошнімі папраўкамі. У 2026 г. урад плануе выдаткаваць 44,1 трлн руб., рост меншы за інфляцыю (на 3% да праекцый гэтага года). Інакш наўрад ці магло быць. ІНП РАН адзначаў немагчымасць значнага павелічэння бюджэтных выдаткаў грамадзянскага характару.
Рэальність наўрад ці будзе такой прыгожай. Апошнімі гадамі выніковыя выдаткі перавышаюць план, што Мінфін тлумачыць апераджальным фінансаваннем у снежні часткі выдаткаў наступнага года. Цяпер гісторыя можа паўтарыцца. Эканаміст Ягор Сусін пакуль чакае па выніках гэтага года дэфіцыт «крыху большы за план».
«Сур'ёзным раздражальнікам застаецца праблема даходаў», — адзначаюць Афанасьеў і Шаш. У сувязі з гэтым павялічваецца падаткаабкладанне, перадусім фізічных асоб: ПДВ павышаецца з 20% да 22%, растуць некаторыя стаўкі па НДФЛ, растуць стаўкі дзяржаўных пошлін і штрафаў і г. д., пералічваюць яны. Выдаткі ж «прадказальна працягваюць павялічвацца».
Таму пытанне дэфіцыту бюджэту застаецца надзвычай актуальным для 2026 фінансавага года, робяць выснову эканамісты. Ён запланаваны на ўзроўні 3,8 трлн руб., або 1,6% ВУП. Крыніцы яго пакрыцця вельмі абмежаваныя, канстатуюць Афанасьеў і Шаш: «Лагічнае ў дадзенай сітуацыі і эфектыўнае нарошчванне дзяржаўнага доўгу ўпіраецца ў высокую стаўку запазычанняў на ўнутраным рынку і фактычную і/або юрыдычную закрытасць знешніх рынкаў».
Застаецца продаж нацыяналізаванай або звернутай у даход дзяржавы маёмасці, а таксама продаж каштоўных металаў і каштоўных камянёў з Гохрана, разважаюць яны, але сродкі тут пакуль несупастаўныя з пастаўленай задачай. Урад увогуле не заклаў у бюджэт даходаў ад продажу канфіскаванай маёмасці да 2028 г.
Яшчэ адна важная крыніца затыкання бюджэтнай «дзіркі» — Фонд нацыянальнага дабрабыту (ФНБ). У ім на канец верасня было каля 4,2 трлн руб. Бюджэт не прадугледжвае расходавання сродкаў ФНБ, але Афанасьеў і Шаш мяркуюць, што, як мінімум, спробы такія будуць. «Вакол выкарыстання гэтага фонду будзе весціся дыскусія ўвесь 2026 год, — гаворыцца ў прэзентацыі. — Не выключана істотнае (аж да нівелявання) вычарпанне яго сродкаў».
Эканамісты не згадваюць яшчэ адну магчымую крыніцу фінансавання дэфіцыту: частку яго, відаць, мяркуецца закрыць за кошт астаткаў на рахунках Федэральнага казначэйства. Паступленні бюджэту ад іх размяшчэння прадугледжваецца скараціць з 1,12 трлн руб. у 2025 г. да 684,7 млрд у 2026 г. У тлумачальнай запісцы да праекта бюджэту гэта тлумачыцца, між іншым, «чаканым змяненнем працэнтных ставак і аб'ёму астатку сродкаў на адзіным рахунку федэральнага бюджэту».