Forbes: Сітуацыя пад Пакроўскам рэзка змянілася
5- 7.09.2024, 8:11
- 27,142
Расейская прапаганда б'е трывогу.
Наступ расейскіх акупантаў на Пакроўскім кірунку забуксаваў пасля таго, як у бой уступілі некалькі рэзервовых брыгадаў Сілаў абароны Украіны, якія праводзяць контратакі, а ў некаторых месцах адкідаюць захопнікаў.
Нягледзячы на тое, што 2-я агульнавайсковая армія РФ пераўзыходзіць украінскія сілы на ўсходзе прыкладна ў чатыры разы, захоп Пакроўска расейцамі, які калісьці здаваўся неўнікнёным, выглядае менш верагодным, піша Forbes.
У матэрыяле адзначаецца, што УСУ трымалі ў рэзерве чатыры ці пяць брыгадаў – кожная з якіх налічвала да 2000 салдатаў і сотні адзінак тэхнікі. Ужо цяпер гэтыя рэзервы далучаюцца да баёў уздоўж апошняй лініі акопаў і ўмацаваных мястэчкаў за пяць-шэсць міляў ад Пакроўска і ягоных жыццёва важных шляхоў забеспячэння.
«Адбываецца менавіта тое, што і меркавалася – украінскія ўзброеныя сілы пачалі контратакаваць», – піша расейскі прапагандыст Яўген Норын.
На сёння брыгада «Кара-Даг» Нацыянальнай гвардыі, 12 брыгада «Азова» і 93 механізаваная брыгада Узброеных сілаў Украіны – праводзяць невялікія контратакі, асноўным эфектам якіх з'яўляецца запаволенне або нязначнае адкідванне расейцаў.
Падкрэсліваецца, што лютыя дзеянні брыгады «Кара-Даг» у Селідаве, прыфрантавым горадзе на паўднёвы ўсход ад Пакроўска, могуць быць найбольш значнымі з апошніх контратак. Ужо некалькі дзён танкі Т-64 брыгады ўзрываюць і захопліваюць расейскія танкі і баявыя машыны, якія спрабуюць трапіць у Селідава па галоўнай дарозе з усходу на захад.
Журналісты пішуць, што расейцы павінны прайсці праз Селідава, каб мець магчымасць весці прыцэльны агонь па Пакроўску. Але цяпер, калі свежыя і добра абсталяваныя ўкраінскія войскі знаходзяцца ў Селідаве і наступаюць, захоп Пакроўска расейцамі, які калісьці здаваўся неўнікнёным, выглядае крыху менш верагодным.