У Менску 13-гадоваму школьніку патэлефанаваў «супрацоўнік аператара мабільнай сувязі»
8- 13.09.2024, 10:08
- 8,882
Вынік - мінус 20 тысяч рублёў.
Тэлефонныя ашуканцы выманілі ў 13-гадовага менчука блізу 20 тысяч рублёў, паведамілі ў МУС.
На лінію «102» звярнулася 46-гадовая мянчанка, якая паведаміла аб знікненні яе 13-гадовага сына. Таксама з кватэры зніклі больш за пяць тысяч даляраў.
На месца неадкладна выбыла следча-аператыўная група. У гэты ж час падлетак вярнуўся дадому і расказаў абставіны здарэння.
Незадоўга да прыходу маці на мабільны хлопчыка патэлефанаваў невядомы, які назваўся супрацоўнікам аператара мабільнай сувязі.
«Мужчына пераканаў дзіця, што злачынцы спрабуюць узяць на яго нумар крэдыт, і запатрабаваў назваць коды з СМС, каб праверыць наяўнасць аформленых крэдытаў. Падчас размовы махляр распытваў хлопчыка аб прысутнасці побач з ім бацькоў, пасля чаго напалохаў падлетка, сказаўшы, што яго банкаўская карта замяшаная ў злачынным ланцужку грашовых пераводаў», - паведамілі ў МУС.
Пад пагрозай правядзення ў іх кватэры ператрусу, а таксама для захавання грошай, якія захоўваюцца дома, ашуканцы вымусілі хлопчыка ўзяць усе грошы і перавесці іх на «бяспечны рахунак».
Хлопчык забраў з пакоя бабулі больш за 5000 даляраў і перавёў іх махлярам праз інфакіёск.
Следчымі распачатая крымінальная справа паводле факту махлярства.