18 снежня 2024, Серада, 15:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Кміць: Пуцін і Лукашэнка дамаўляюцца пра палітычны прытулак

30
Юрый Кміць: Пуцін і Лукашэнка дамаўляюцца пра палітычны прытулак
Юрый Кміць

Неўзабаве беларускі народ скажа сваё слова.

На межах Беларусі і Польшчы іскрыць - нелегалы ​​ставяць рэкорды ў штурмах, а нядаўна быў забіты польскі жаўнер. У той жа час праходзяць супольныя ядзерныя вучэнні Беларусі і Расеі.

З чым звязаны гэты віток эскалацыі? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з кіраўніком украінскай грамадскай арганізацыі "Заходні інфармацыйны фронт", сузаснавальнікам Беларускага інфармацыйнага цэнтра ў Львове Юрыем Кміцем.

«Пуціну не засталося нічога іншага, акрамя як зрабіць ход Лукашэнкам»

- Усё вельмі проста, гэта адказ на апошнія пастановы Байдэна аб зоне знішчэння амерыканскай зброяй на тэрыторыі Расеі. Працягваецца шахматная партыя паміж амерыканскім прэзідэнтам і расейскім дыктатарам, малююцца нейкія новыя "чырвоныя лініі". Байдэн павінен паказаць перад выбарамі вынік, ён павінен паказаць, што з’яўляецца пераможцам у вайне з Пуціным. А Пуціну не засталося нічога іншага, акрамя як зрабіць ход Лукашэнкам.

Лукашэнка грае ролю такой "шасцёркі" пры крымінальным аўтарытэце ў выглядзе Расеі. У Кітая ролю "шасцёркі" выконвае Паўночная Карэя, для Ірана гэта "Хезбала" і ХАМАС, ну а Расея ў гэтых мэтах выкарыстоўвае беларускі рэжым. Калі яна не хоча дзейнічаць пад сваім сцягам, то робіць ход Беларуссю і пачынае рабіць нейкія непрыемныя рэчы апаненту, у гэтым выпадку - Амерыцы і Захаду.

Байдэну трэба паказаць вынік - або мірную дамову аб Украіне, або перамогу ў выглядзе нейкіх удараў, або вяртанне Кіевам акупаваных тэрыторый. Але асабліва бачнага выніку пакуль няма, і Байдэн паднімае стаўкі, ён дае больш зброі, больш тэхнікі.

"Лукашэнка не хоча ваяваць з Украінай, пакуль не скончыць сваю вайну з Захадам"

Што можа прапанаваць Расея, калі не браць пад увагу Лукашэнку? Чарговае павелічэнне колькасці рухаў у бок выкарыстання ядзернай зброі? Ніхто не будзе выкарыстоўваць ядзерную зброю, гэта зразумела, гэта ўсяго толькі шантаж. Але вось Лукашэнка заявіў, што не хоча ваяваць з Украінай, пакуль ён не скончыць сваю вайну з Захадам, найперш — з Літвой і Польшчай.

Пуцін гэта выкарыстоўвае: “Ага, ты хочаш з Захадам ваяваць? На, калі ласка, наперад. Нервуй Польшчу, рабі правакацыі супраць Літвы. Працуй на “саюзную дзяржаву”, адпрацоўвай грошы, якія Расея табе дае”. Вось так. Проста Лукашэнка адпрацоўвае расейскае фінансаванне.

“Расея - гэта карабель, які тоне”

- Ці ёсць магчымасць у Лукашэнкі і Пуціна яшчэ больш паднімаць стаўкі?

- Узровень правакацый далей не будзе мець ніякага развіцця, можа мяняцца толькі іх колькасць. Наколькі б Лукашэнка не граў ідыёта, ён разумее, што Расея - гэта карабель, які тоне. Апошнія эканамічныя звесткі і выступы на Пецярбуржскім эканамічным форуме кажуць аб тым, што ў Расеі вельмі сур'ёзны эканамічны крызіс.

Я б яшчэ адзначыў адзін важны феномен: у Расеі ўпершыню адкрыта загаварылі пра пагаршэнне эканамічных паказчыкаў, праблему з інфляцыяй і іншыя праблемы з эканомікай праз вайну. Калі паглядзець на выступы на эканамічным форуме, то яны будуць сумнымі і дастаткова праўдзівымі.

Што гэта азначае? Мы паверым, што ў Расеі, такой закрытай дыктатарскай дзяржаве, з'явілася празрыстасць, перамагла дэмакратыя і чыноўнікі пачалі казаць праўду свайму народу? Не, гэта не праўда. Гэта так проста не адбудзецца, бо ў Расеі інфармацыйная дыктатура. Пуцін абраў новы трэнд у сваёй унутранай палітыцы - яны пачынаюць казаць пра праблемы ў эканоміцы, каб падрыхтаваць насельніцтва да экспрапрыяцыі іх грошай.

"Гэта добра для Украіны і сапраўднай Беларусі"

Наступным крокам пасля таго, як расейскаму народу агучылі інфармацыю аб дрэннай сітуацыі з эканомікай, будзе павелічэнне фінансавага ціску на бізнэс і простых грамадзян, каб яны падзяліліся сродкамі для фінансавання вайны. І вось гэтыя навінкі, ноў-хаў, якія інфармацыйна пайшлі пасля форуму ў Пецярбургу, азначаюць толькі адно – Расея пачынае канфіскацыю грошай простых грамадзян, таму што алігархі свае грошы не аддадуць, яны сябруюць з уладай. Таму будуць душыць малы і сярэдні бізнэс, простых грамадзян.

Гэта для нас добра, для Украіны і сапраўднай Беларусі, бо нарэшце на трэці год вайны простыя расейцы, якія заставаліся нейтральнымі, адчуюць, што вайна ёсць. Раней Пуцін прытрымліваўся тактыкі, каб вайна ва Украіне не закранала большасць насельніцтва, а была на адлегласці, такая сабе каланіяльная вайна - страт няма, з фінансамі ўсё добра, ВУП расце.

Але высветлілася, што гэтую карцінку немагчыма доўга захоўваць, таму што грошы заканчваюцца, рост ВУП за кошт ваеннай вытворчасці не дадае дадатковай каштоўнасці ў эканоміцы. А чаму не дадае? Таму што ўсё, што яны вырабляюць, знішчаецца ў вайне, яно не пракручваецца ў бізнэсе, не дадае нейкіх адсоткаў. Усе фінансы ідуць на тое, што знішчаецца імгненна. Гэта замкнёнае кола, якое змяншае магчымасці эканомікі.

"Перамовы для Расеі будуць жыццёва неабходныя"

Тут новая сітуацыя - Пуцін мяняе ўнутраную эканамічную палітыку, ён цяпер будзе выціскаць грошы з сярэдняга бізнэсу і простых грамадзян. І гэта адчуў рынак, у іх пачаўся вельмі рэзкі рост курса даляра і еўра. І апошняе ноў-хаў, што амерыканцы не дазваляюць гандляваць на Масбіржы валютай, гэта адзін з крокаў, скіраваны на здушэнне расейскай эканомікі.

2024-ы - гэта адзіны год у Расеі, калі яна яшчэ можа прадэманстраваць нейкія магчымасці на фронце, выкарыстоўваючы свае запасы. У канцы гэтага года магчымасці Расеі будуць значна змяншацца. Гэта ўсё прывядзе да таго, што Крэмль рэзка захоча весці перамовы. Мы на шляху да таго, што Байдэн свайго даб'ецца, Украіна свайго даб'ецца. Магчыма, на канец 2025-га года мы падыдзем да сітуацыі, калі перамовы для Расеі будуць жыццёва неабходныя, калі мы будзем казаць пра такія перамовы, у якіх улічваюцца ўкраінскія інтарэсы, а не інтарэсы агрэсара.

«Супрацьстаянне з Расеяй распісанае па днях і хвілінах»

- Якія канкрэтныя крокі можа яшчэ зрабіць Захад, каб наблізіць гэты момант?

- Калі добра прыгледзецца, то складваецца ўражанне, што амерыканцы кантралююць ваеннае супрацьстаянне паміж Захадам і Расеяй на тэрыторыі Украіны (так расейскую агрэсію ацэньваюць некаторыя экспэрты), яна распісаная па днях і хвілінах. Ідзе павольнае ўдушэнне Расеі тактыкай удава, каб яна павольна задыхалася і паступова знішчалася, але не змагла прынесці нейкай шкоды NАТО ці суседнім краінам праз некантраляванае прымяненне ядзернай зброі. Задушыць, але не ваяваць з ёю.

На жаль, гэта адбываецца за кошт Украіны, за кошт украінскіх герояў, за кошт украінскага войска. Але гэта тая тактыка, якая дазваляе кантраляваць сітуацыю. Захад ваюе з Расеяй, з расейскай агрэсіяй ва Украіне, кантралюючы эскалацыю самой Расеі. Пуціна гэта моцна злуе, ён незадаволены, ён звык, што гэта ён кантралюе эскалацыю. А тут першы раз за апошнія 20 гадоў ён страціў гэты кантроль. Цяпер гэта робіць Макрон, Байдэн, робіць Шольц, гэта яны кантралююць працэс большай эскалацыі вайны.

«Байдэн выдаў наогул неймаверную рэч»

Што можа прапанаваць Захад? А ён і надалей працягвае працаваць, мы назіраем агучванне далейшых крокаў. Макрон дае дадатковыя самалёты Mirage. Гэта крок? Крок. Вялікабрытанія і іншыя краіны дазваляюць біць сваім узбраеннем па законных цэлях на ўсёй тэрыторыі Расеі.

А Байдэн выдаў наогул неймаверную рэч: "Я забараняю біць па Крамлі". Але гэта толькі па Крамлі, па іншых месцах - не. І тое, тут можна дадаць, што пакуль што забараняе, бо ўсе рэчы, якія ён агучваў раней, ён касуе. Спачатку нам не давалі танкі Abrams, нам не давалі РСЗА HIMARS. А што зараз? Далі і "Абрамсы", далі і "Хаймарсы", нядаўна далі ракеты далёкага дзеяння. А што гэта значыць? Што не дадуць “Тамагаўкі”? Думаю, што наступнымі могуць даць акурат іх.

“Пуцін ужо дамаўляецца пра палітычны прытулак”

Табліца росту ставак у Амерыцы і NАТО яшчэ вельмі вялікая, у адрозненне ад магчымасцяў Расеі. Толькі ядзерная зброя, але і тое яны ўжо гэты шантаж выкарыстоўвалі. Чаму Пуцін зараз збіраецца ехаць у Паўночную Карэю? Ды таму, што з усіх супольнікаў, якія могуць яму даваць зброю, Пхеньян гэта робіць адкрыта і без абмежаванняў. А па-другое, Пуціну не даводзіцца разлічваць на тое, што Кітай ці Іран схавае яго самога і яго дачок у выпадку паразы ў вайне, паўстанні, рэвалюцыі ці нейкага путчу ў Расеі. Толькі Паўночная Карэя з ядзернай зброяй можа фактычна даць палітычны прытулак расейскаму дыктатару. Пуцін ужо дамаўляецца пра палітычны прытулак.

Я так разумею, што Лукашэнка дамаўляўся з Савудаўскай Арабіяй ці з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, ён недзе там свае фінансы пакуе. Ён не давярае нікому з расейскіх хаўруснікаў. Ён не дамаўляецца з Іранам пра палітычны прытулак, не дамаўляецца з Кітаем, бо разумее, што для іх уласныя інтарэсы даражэйшыя, у выпадку чаго яны могуць выдаць Лукашэнку. Таму ён на фінансавых умовах дамаўляецца з арабскімі краінамі.

“Толькі беларускі народ з'яўляецца носьбітам суверэннасці і ідэі незалежнасці Беларусі”

- Характэрна, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо некалькі разоў заяўляў аб еўрапейскай будучыні Беларусі. На канферэнцыі ў Нямеччыне Зяленскі сказаў, што надыдзе час для свабоднай і еўрапейскай Беларусі. Які сігнал пасылае ўкраінскі прэзідэнт?

- Зяленскі пасылае сігнал беларускаму народу ў самой Беларусі. На жаль, супрацоўніцтва Украіны з часткай беларускай дэмакратычнай апазіцыі хутчэй безвыніковае і негатыўнае, чым пазітыўнае.

Вельмі сумна, але частка з так званай беларускай апазіцыі занятая пустым набіваннем сабе цаны, дзейнасцю дзеля дзейнасці. Яны не думаюць пра абарону Беларусі ці вызваленне краіны ад агрэсара, яны проста займаюцца ўладкаваннем свайго жыцця.

"Хутка надыдзе час, калі беларусам трэба будзе сказаць сваё слова"

На жаль, такія людзі ёсць і ва Украіне, і на Захадзе, у краінах Еўразвяза і вакол Беларусі. Зяленскі разумее, што толькі беларускі народ з'яўляецца носьбітам суверэннасці і ідэі незалежнасці Беларусі, што ў большасці сваёй ён не падтрымлівае вайну, не хоча быць пад Расеяй. Мы гэта ведаем, таму Зяленскі падае сігнал беларускаму народу, які чытае, бачыць і разумее, што адбываецца: “Для вас надыходзіць час магчымасцяў. Рыхтуйцеся, неўзабаве надыдзе час, калі вам трэба будзе сказаць сваё слова”.

Улічваючы ўсю сітуацыю з дыктатурай, рэжымам, рэпрэсіямі, палітвязнямі, я разумею, наколькі складана выказваць зараз сваё меркаванне. Але надыдзе такі час, калі Расея будзе знаходзіцца ў крызісе, а лукашэнкаўская дыктатура знаходзіцца ў страху. Сілавікі не змогуць больш падтрымліваць Лукашэнку, які ўтрымлівае ўладу супраць волі свайго народа. І тады не спатрэбяцца ніякія беларускія вайсковыя фармаванні з тэрыторыі Украіны, не спатрэбіцца ўкраінскае вайсковае ўмяшанне. Сам беларускі народ скажа сваё слова, выйдзе на вуліцы і зробіць патрэбныя палітычныя рэчы - страйк і гэтак далей. А сілавікі не змогуць гэтаму супрацьстаяць, гэта нармальны рэвалюцыйны працэс. Зяленскі звяртае ўвагу беларусаў, што хутка гэты час надыдзе.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках