Зяленскі запісаў зварот да ўкраінцаў у аэрапорце Гастомель
11- 24.02.2024, 16:48
- 6,694
Менавіта там вырашаўся лёс Украіны два гады таму.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў дзень другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі запісаў відэазварот у аэрапорце Гастомель пад Кіевам, дзе 24 лютага 2022 г. пачаліся баі ўкраінскага войска з расейскімі дэсантнікамі.
Уладзімір Зяленскі запісаў свой зварот да ўкраінцаў на мабільны тэлефон, стоячы на фоне самалётаў, знішчаных падчас баёў. «Менавіта адсюль павінна было пачацца тое самае «Кіеў і Украіну за 3 дні». Два гады таму мы агнём сустракалі тут варожы дэсант. Праз два гады мы сустракаем тут нашых сяброў і партнёраў», – сказаў Зяленскі.
Свае словы ён суправадзіў сумеснымі кадрамі з прэм'ер-міністрамі Італіі, Канады, Бэльгіі і кіраўніцай Еўракамісіі Уршулай фон дэр Ляен, якія прыехалі ва Украіну ў другую гадавіну ўварвання.
«Дарагія вялікія людзі вялікай краіны, я бязмерна ганаруся кожным з вас. Я захапляюся кожным з вас. Я веру ў кожнага з вас. Любы нармальны чалавек хоча, каб вайна скончылася. Але ніхто з нас не дазволіць Украіне загінуць», – сказаў у звароце да народа ўкраінскі прэзідэнт. Ён выказаў упэўненасць у тым, што Украіна пераможа. Зяленскі зрабіў акцэнт на «справядлівым міры на ўкраінскіх умовах».
Уладзімір Зяленскі падзякаваў, у тым ліку, людзям у іншых краінах, якія «падтрымліваюць Украіну і праўду».