У Беларусі палітзняволеную з эпілепсіяй асудзілі на два гады калоніі за відэа ў TikTok
11- 18.05.2022, 19:25
- 11,060
Жанчыну судзілі за абразу Лукашэнкі.
У Менску 18 траўня абвясцілі прысуд палітзняволенай Аліне Забаштанскай, якую судзілі паводле «справы Зельцара», піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Жанчыну абвінавачвалі ў распальванні варожасці і абразе Аляксандра Лукашэнкі (артыкулы 130 і 368 КК). Падставай для разбору сталі апублікаваныя палітзняволенай відэа і каментары ў TikTok.
Палітзняволеная хворая на эпілепсію. Паводле справы прызначалася псіхіятрычная экспертыза, якая доўжылася месяц. Пасля перапынку пасяджэнні прадоўжыліся. 18 траўня суддзя абвясціла прысуд – два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Прысуд не пачаў дзеяння і можа быць абскарджаны. Дома ў жанчыны засталася няпоўнагадовая дачка.