«Выява паказвае той стан правадыра, які хацелі б схаваць»
27- 30.08.2021, 11:56
- 22,980
Лукашэнка маральна састарэў.
Апошнім часам прыкметныя спробы падкарэктаваць імідж Аляксандра Лукашэнкі. То ён раптам прапануе «крыптавалюту майніць» (у Петрыкаве), то лексікон свой абновіць за кошт «ботаў», «булінга», «хейту» і іншых падобных слоўцаў, піша «Салiдарнасць».
Гэта натуральная рэакцыя на відавочную архаічнасць Лукашэнкі. Мы ўсе не маладзеем, але ён яшчэ і маральна састарэў як кіраўнік.
І калі з унутраным зместам Лукашэнкі ўжо наўрад ці нешта можна зрабіць, то з вонкавай формай можна паэксперыментаваць. Чарговую спробу днямі распачаў вядомы тэлеграм-канал.
Паводле задумы, Лукашэнка на сэгвеі, магчыма, павінен быў паказаць, што ідзе ў нагу з часам. Але момант абраны не занадта ўдала: акурат цяпер мноства беларускіх сем'яў адчувае дадатковае фінансавае напружанне праз зборы дзяцей у школу, і дэманстрацыя навамоднай дарагой цацкі правадыра можа выклікаць хутчэй раздражненне.
Аднак галоўная праблема нават не ў гэтым. Задуму аўтараў ідэі разбурыў выканаўца. Атрымаўся нібыта фотамантаж: верх з нарады ў палацы, ніз - ад падлетка.
Выраз твару Лукашэнкі ў гаме «самота-жалоба-смутак» ашаламляльна кантрастуе з пазітыўным пасылам, які меркавалася паведаміць аўдыторыі. У выніку выява робіць хутчэй дэпрэсіўнае ўражанне і транслюе той стан правадыра, які хацелі б схаваць: велізарная напруга, стомленасць і адсутнасць перспектывы.