4 траўня 2024, Субота, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяніс Лук'янаў: Міліцыянты дакладна білі мяне па нагах і ягадзіцах

11
Дзяніс Лук'янаў: Міліцыянты дакладна білі мяне па нагах і ягадзіцах
ДЗЯНІС ЛУК'ЯНАЎ

СК аспрэчвае словы жыхара Гарадзенскага раёна.

Жыхар Гарадзенскага раёна Дзяніс Лук'янаў, якому ампутавалі частку ягадзіцы, у эксклюзіўным інтэрв'ю «Белсату» сцвярджае, што яго сапраўды збілі работнікі міліцыі ў форме падчас аўтамабільнага фестывалю «SunDay».

Дзяніс Лук'янаў, які перанёс 7 аперацый, у тым ліку ампутацыю часткі ягадзіцы, на днях быў пераведзены ў звычайную палату з рэанімацыйнага аддзялення. Туды ён трапіў 9 жніўня з дыягназам «некроз цягліцаў». Ягоная стрыечная сястра Дар'я апавяла СМІ, што такі стан Дзяніса выкліканы збіццём міліцыяй – нібыта 20 ліпеня на фестывалі SunDay два АМАПаўцы моцна збілі нецвярозага мужчыну.

Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава тады заявіла: інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, траўмы атрыманыя «праз неасцярожнасць», ніякіх скаргаў у праваахоўныя органы не паступала ні з боку Лук'янава, ні з боку ягоных сваякоў. Аднак жонка і стрыечная сястра, якая даглядае Дзяніса, кажуць адваротнае: яны пісалі заяву ў Следчы камітэт і службу ўласнай бяспекі МУС.

17 верасня афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова ў каментары «Нашай Ніве» апавяла, што пасля апытання самога мужчыны, сваякоў, калегаў, міліцыянтаў і медыкаў, следчыя «не выявілі асобаў, якія сталі відавочцамі ўжывання фізічнай сілы».

Паводле версіі СК, Лук'янаў паслізнуўся на лесвіцы праз 10 дзён пасля фестывалю, а 2 жніўня ўпаў на плітку ў ваннай. Адначасова СК паведамляе, што 8 жніўня брыгада хуткай дапамогі, якая прыехала на выклік, не выявіла пашкоджанняў у мужчыны, але 9 жніўня ён быў шпіталізаваны.

«Пачаліся падсечкі па нагах, потым кінулі на зямлю»

Праз блытаніну ў датах і супярэчлівыя словы бакоў у справе заставаліся белыя плямы.

Мы даведаліся пра падзеі 20 ліпеня ад першай асобы. Дзяніс прызнае, што быў п'яны на фестывалі і некаторыя дэталі (дакладны час здарэння, прозвішчы міліцыянтаў) не памятае праз доўгае знаходжанне ў рэанімацыі і вялікую колькасць медыкаментаў. Аднак сцвярджае: супрацоўнікі міліцыі ў форме наносілі яму ўдары нагамі.

– Якім чынам адбывалася збіццё?

– Каля палаткі стаяла жанчына-міліцыянтка, кіраўнік міліцэйскі нейкі і звычайныя патрульныя, якія па горадзе ходзяць. Не скажу, што гэта быў АМАП, проста звычайныя міліцыянты. Пры затрыманні яны не білі, а потым следчы пайшоў кудысьці, бо атрымаў паведамленне пра крадзеж мабільнага тэлефона. Я так зразумеў, на месца злачынства.

Вось тады мяне пачалі штурхаць два ці тры міліцыянты. Гэта было вельмі жорстка. Яны стаялі з левага боку ад мяне і пачаліся падсечкі па нагах, потым кінулі на зямлю... Удары прыпадалі па галёнцы, сцягне і ягадзіцах. Я падаў, мяне падымалі і зноў наносілі ўдары. Дубінак не было, толькі нагамі білі.

– Вы спрабавалі спыніць гэта неяк?

– Супраціву не аказваў, ды яшчэ горш было б. Памятаю, казаў: «Што вы робіце?» Потым мяне завялі ў палатку і я сядзеў у кутку, пакуль не прыйшоў кіраўнік іх і не напісаў пратакол. А потым ужо мяне павезлі ў пастарунак.

– Каму Вы расказалі пра тое, што здарылася першы раз?

– На наступны дзень сябрам сказаў, што мяне папіхалі нагамі, «патрэніраваліся». Родным спачатку не казаў, каб не перажывалі. Раніцай мне балела нага, але я пастанавіў увагі не звяртаць. А праз некалькі дзён дачка скокнула мне ззаду на нагу і я крыкнуў ад болю.

– Следчы камітэт сцвярджае, што Вы ўпалі на лесвіцы 30 ці 31 жніўня.

– Так, паслізнуўся і праехаўся па лесвіцы, трымаючыся за парэнчы, але там быў не моцны ўдар, хутчэй, сілай – як плясканне дзіцяці па попе. Балюча не было зусім.

– А ці падалі Вы 2 жніўня на плітцы ў ваннай, як паведамляе СК?

– Не. Я прыдумаў гэта, каб не турбаваліся родныя. Падзення не было.

– Ці звярталіся Вы ці Вашы блізкія са скаргай у праваахоўныя органы? Ці апытвалі Вас?

– Звярталіся ў СК і ўласную бяспеку, так. Калі я быў у рэанімацыі, з падлучанымі трубкамі для дыхання [апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. – Belsat.eu], прыйшлі 3-4 чалавекі, не памятаю, кім назваліся. Я быў у напалову адэкватным стане, адключаўся, яны мяне трэслі і зноў распытвалі, прасілі «агульнае апісанне сітуацыі». Потым прыходзіў міліцыянт з уласнай бяспекі, пытаўся абставіны, аж да пагонаў і колеру абутку ў тых, хто мяне збіваў. А як я магу гэта ўспомніць? Я ж у такім стане! Следчы таксама апытваў пазней. Усім ім я казаў пра збіццё.

– Прадстаўнік СК кажа, што адзін з наведвальнікаў фестывалю штурхнуў вас у плячо, ад чаго вы ўпалі на зямлю на спіну і потым вас працягнулі блізу 15 метраў да міліцыянтаў. «Мужчына не выключае, што сам памыляўся, хто менавіта нанёс яму ўдары», – мяркуе СК. Як Вы гэта можаце пракаментаваць?

– Гэта цяпер яны такую версію высунулі, што нейкі невядомы чалавек схапіў мяне за рукі ці за ногі і працягнуў 15 метраў, а міліцыя мяне нібыта падняла. Але я дакладна памятаю, што мяне збівалі менавіта міліцыянты.

– Якіх дзеянняў з боку міліцыі Вы чакаеце цяпер?

– Па-першае, хацелася б атрымаць кампенсацыю, а па-другое – каб гэтых супрацоўнікаў звольнілі.

«Арганізатары SunDay дапамаглі нам фінансава»

Стрыечная сястра Дзяніса Дар'я Салянік арганізавала збор сродкаў на патрэбы Лук'янава: у сям'і трое няпоўнагадовых дзяцей, жонка ў дэкрэтным адпачынку і маці-пенсіянерка.

Паводле ейных словаў, за некалькі тыдняў неабыякавыя людзі пералічылі на картку больш за 2000 рублёў.

«Дасылалі 5-10 рублёў... А асноўную фінансавую дапамогу нам зрабілі арганізатары фестывалю SunDay. Калі яны даведаліся пра тое, што здарылася з Дзянісам, прапанавалі дапамагчы з лекамі ці грашыма. Я сказала, што мы збіраем сродкі на рэабілітацыю Дзяніса і каб сабраць ягонае дзіця ў школу. Вось ім хочацца асабліва падзякаваць», – кажа Дар'я.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках