Беларускае МЗС не разумее па-ангельску?
10- 21.07.2015, 18:38
- 19,390
Улады зацягваюць разгляд скаргі ў Камітэце правоў чалавека ААН ад імя палітвязня Мікалая Статкевіча.
Цяпер Камітэт правоў чалавека ААН вядзе працэс разгляду індывідуальнага паведамлення ад імя вязня сумлення, беларускага палітвязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты РБ, Мікалая Статкевіча.
Пра гэта распавядае кіраўніца «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» Раіса Міхайлоўская:
- Мы ўжо паведамлялі грамадскасці, што скарга ад імя Мікалая Статкевіча была пададзеная ў лістападзе 2013 года. Экспэрты БДЦ рыхтавалі яе супольна з амерыканскімі партнёрамі - няўрадавай арганізацыяй Free now і адвакацкай канторай Hogan Lovells. Працэс разгляду скаргаў у КПЧ - даволі працяглы і працаёмкі. Радчас камунікацый павінны быць сабраныя довады ўсіх бакоў. Ужо пасля гэтага Камітэт разглядае паведамленне і выносіць сваю пастанову.
Скарга Мікалая Статкевіча ў КПЧ зарэгістраваная пад нумарам 2616/2015. Яна прызнаная прымальнай да разгляду. Цяпер ідзе звычайны працэс збору довадаў бакоў. Мы ў свой час высылалі дадатковую інфармацыю, якую прасілі даць экспэрты КПЧ ААН.
На гэты момант, як гаворыцца, мячык на баку дзяржавы. Менавіта цяпер Камітэтам ёй пасланая скарга аб парушэнні правоў Мікалая Статкевіча, і дзяржава павінна даць свой абгрунтаваны адказ з гэтай нагоды. Нядзіўна, аднак, што на гэтым этапе ў Камітэт прыйшоў такі адказ:
Дзяржаўны бок не разглядае паведамлення індывідыумаў на ангельскай мове.
Не думаю, што ў нашым МЗС няма кваліфікаваных прафесіяналаў, якія будуць размаўляць і якія чытаюць на ангельскай мове, што ў яго штаце няма прафесійных перакладчыкаў. Ангельская мова, таксама як і расейская, з'яўляюцца рабочымі мовамі КПЧ ААН. І Рэспубліка Беларусь як чалец ААН, безумоўна, гэта ведае.
У наяўнасці чарговая спроба зацягнуць і ўскладніць працэс камунікацый і разгляду скаргі ў Камітэце правоў чалавека.
Заўважу, што ў працэсе актыўных камунікацый знаходзіцца цяпер яшчэ адна скарга, падрыхтаваная нашымі юрыстамі, - праваабаронцам Алегам Волчакам. Там мы назіраем такую ж сітуацыю - дзяржава сцвярджае аб недатычнасці да парушэнняў правоў чалавека. Камітэт правоў чалавека ААН у хуткім часе зробіць свой выснову паводле гэтай справы.
Нагадаем, Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.
Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы і перавялі ў магілёўскую турму №4 на тры гады. Пасля заканчэння гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку. Цяпер палітыку пагражае новы турэмны тэрмін.
4 траўня на пасяджэнні суда ў шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе ўтрымліваўся Мікалай Статкевіч, была прынятая пастанова аб ягоным пераводзе на турэмны рэжым да канца тэрміну пакарання (1 год 7 месяцаў 15 дзён). А 6 траўня палітык быў этапаваны ў турму №4 горада Магілёва.