Мы – за Мiкалая Статкевiча!
46- 16.07.2015, 10:21
- 32,515
У ініцыятыўную групу па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты ўжо ўвайшло больш за 1500 чалавек.
Вядомыя беларусы Зінаіда Бандарэнка, Павел Севярынец, Аляксей Марачкiн, Уладзімір Халіп, Мікалай Аўтуховіч, Рыгор Кастусёў, Славамiр Адамовiч, Лявон Вольскi, Аляксандр Тамковіч, Вячаслаў Сіўчык, Сяргей Законнікаў, Юры Хашчавацкі, Зміцер Дашкевіч, Вольга Завадская распавялі пра сваю падтрымку Мікалая, патлумачылi матывы ўваходжання ў яго ініцыятыўную групу і падзяліліся чаканнямі: на якія вынікі сваiх намаганняў яны разлічваюць.
Зінаіда Бандарэнка, былы дыктар тэлебачання, народная артыстка Беларусі:
– Як чалавек і грамадзянін Беларусі, я лічу сваім абавязкам змагацца за вызваленне Мікалая Статкевіча. Я вельмі спадзяюся на тое, што кампанія па яго вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты усё ж такі падштурхне ўладу да таго, каб вызваліць Мікалая. Тое, што выбараў у Беларусі няма і мы ў іх не верым, вядома даўно. Але чым больш людзей мы аб’яднаем, чым больш мы будзем пра гэта казаць, чым больш мы будзем стукацца ва ўсе дзверы, тым больш верагоднасцi, што гэта прывядзе да вызвалення Мікалая Статкевіча. Я лічу, што агульнымі намаганнямі мы можам дамагчыся яго вызвалення да маючых адбыцца выбараў.
У тым, што наша ініцыятыўная група будзе зарэгістравана, я сумняваюся, але пэўныя надзеі на гэта ў мяне ўсе ж такi ёсць. Спадарыня Ярмошына ўжо зубы з’ела на гэтым, таму, вядома, яна знойдзе прычыны, па якіх можна адмовіць у рэгістрацыі. Але гэта не павінна нас спыняць, мы павінны змагацца за свабоду, не быць абыякавымі да таго, што адбываецца ў Беларусі. І я буду па магчымасці рабіць усё, што ў маіх сілах.
Павел Севярынец, сустаршыня аргкамiтэта па стварэннi партыi «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя», былы палітвязень:
– Па-першае, кампанія па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты – гэта адзіны палітычна правільны крок у так званых выбарах 2015-га года. Для таго каб выказаць салідарнасць з Мікалаем і з астатнімі палітвязнямі, для таго каб згуртаваць людзей, для таго каб выявіць фальшывую сутнасць так званых прэзідэнцкіх выбараў.
Я асабіста ведаю Мікалая Віктаравіча, ведаю яго як чалавека мужнага; уся Беларусь ужо цяпер ведае яго як героя. Таму што трымацца ў такіх умовах, у якіх ён знаходзіцца, а фактычна гэта катаванні i шматгадовыя здзекі, трымацца, не падпісваць паперу аб памілаванні, стаяць на сваім – для гэтага, вядома, патрэбна велізарная мужнасць. Тая мужнасць, якая так неабходна цяпер усёй Беларусі як узор, як прыклад.
БХД дэлегуе некалькі сотняў чалавек у ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча, і незалежна ад рэгістрацыі або адмовы мы павінны арганізаваць масавы збор подпісаў за вызваленне Статкевіча і іншых палітвязняў. Мы будзем праводзіць акцыі салідарнасці, а таксама на міжнародным узроўні будзем даводзіць інфармацыю да кожнага замежніка, адказнага за адносіны з нашай краiнай. Выбары ўжо цяпер не могуць быць прызнаны сапраўднымі і справядлівымі, таму што адзін з кандыдатаў у прэзідэнты 2010-га года да гэтага часу нізашто сядзіць у турме. Шанцаў на тое, што наша ініцыятыўная група будзе зарэгістравана, вельмі мала, але ў нас ёсць план дзеянняў і мы ведаем, што рабіць далей.
Аляксей Марачкiн, мастак, педагог, грамадскі дзеяч:
– Ёсць людзі, якія крытычна ставяцца да нашай ініцыятыўнай групы і да вылучэння Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты. Яны апраўдваюць сябе тым, што чалавек асуджаны і па законе не мае права абірацца прэзідэнтам. А я лічу, што гэтыя людзі глыбока памыляюцца. Бо сваімі развагамі яны як бы згаджаюцца з тым, што ён асуджаны законна. Я ж разам з усімі, хто ўваходзіць у групу падтрымкі Мікалая Статкевіча, разважаю зусім па-іншаму. Мы сцвярджаем, што ён асуджаны незаконна, што сітуацыя, у якой ён знаходзіцца, гэта гвалт над асобай, над палітычным дзеячам, які быў арыштаваны ў той момант, калі фармальна выбары яшчэ не былі скончаны.
Тыя, хто сёння падае свой голас у падтрымку Мікалая Статкевіча – гэта сапраўдныя патрыёты, гэта сапраўдныя беларусы, якія ніколі не змогуць пагадзіцца з тым, што ён сёння знаходзіцца за кратамі. І мы паказваем усяму свету, што кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалай Статкевіч асуджаны незаконна, таму ён быў і застаецца нашым кандыдатам. Наша мэта – гэта вызваленне Мікалая, усё астатняе будзе вызначацца потым. І калі шчыра, то мяне асабіста мала цікавіць, будзе зарэгістравана наша ініцыятыўная група ці не. Калі Мікалай будзе вызвалены, тады і трэба дамагацца яго рэгістрацыі, гэта ўжо другі крок. Таму што калі чалавек незаконна знаходзіцца ў турме, то яго вызваленне з’яўляецца галоўнай і адзінай задачай. Веры цяперашняй уладзе ў мяне няма, але дамагацца справядлівасці ўсё роўна неабходна.
Уладзімір Халіп, драматург, літаратар, публіцыст:
– Тыя абставіны, у якіх Мікалай Статкевіч і іншыя палітвязні, людзі, да якіх ніколі не было і не магло быць ніякіх прэтэнзій, сядзяць у турме,– гэта дзікунства, з якiм не можа пагадзiцца ні адзін нармальны грамадзянін. У якія б вопраткі ні апранаўся цяперашні кіраўнік краіны і як бы яго ні ўспрымалі ў іншых краінах, яго рэжым застаецца самым садысцкiм і подлым ва ўсёй Еўропе.
Знаходжанне Мікалая Статкевіча ў турме – гэта расправа над ім. І ніхто ў Еўропе не толькі не можа аказаць ніякага ціску на нашага правінцыйнага кіраўніка, але яшчэ і спрабуе часам адмываць яму рукі, рабіць з яго легітымную фiгуру, з якой Захад мог бы ўсталёўваць кантакты. Гэта абуральна, і мы не можам саступаць нягоднікам нашы ўяўленні аб справядлівасці і прыстойнасці, інакш праз некаторы час мы проста апынемся ў тым стане, у якім знаходзілася Еўропа напярэдадні Другой сусветнай вайны. Як толькі мы саступім садыстам і турэмшчыкам, ад гэтага пацерпіць увесь народ адной краіны, а потым і ўсёй Еўропы.
Не думаю, што мы зможам аказаць вялікі ўплыў на дзеючы рэжым і ён прыслухаецца да грамадскасці, якая на самай справе яго зусім не трывожыць. Але рабіць пры гэтым хоць штосьцi мы проста абавязаны, кожны павінен зрабіць тое, што ў яго сілах. Да гэтага часу беларуская грамадскасць зрабіла недастаткова для вызвалення палітвязняў, і цяпер, калі набліжаюцца гэтыя няшчасныя выбары, мы ведаем, што турмы рэжыму могуць папоўніцца новымі палітвязнямі. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб гэтага не было.
У тое, што наша ініцыятыўная група будзе зарэгістравана, я зусім не веру. Перакананы, што ні на якія кампрамісы рэжым не пойдзе. Ён упэўнены ў сабе і можа быць ліквідаваны толькі шляхам ціску на яго з усіх бакоў, але перш за ўсё з боку грамадскасці. Мы павінны знаходзіць новыя формы барацьбы за вызваленне палітвязняў, новыя формы ціску на гэты рэжым і выкарыстоўваць усе магчымыя варыянты.
Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік, ветэран Афганскай вайны, былы палітвязень:
– У першую чаргу я выступаю не за тое, каб Статкевіч проста ўдзельнічаў у гэтых выбарах, а за тое, каб яго выпусцілі з турмы на волю. У тое, што ініцыятыўная група будзе зарэгістравана, я не веру. Думаю, што адзіным магчымым дзеяннем з нашага боку ў такой сітуацыі павінен стаць байкот выбараў. Усе бачаць, што мы жывём не ў краіне, а ў імітацыі краіны, але ніхто не хоча гэтага мяняць. Таму на сваім полі бітвы трэба працягваць змагацца. Каб пазбавіцца ад шматлікіх ілюзій, мы павінны ўжо нарэшце жыць па-новаму.
Рыгор Кастусёў, палiтык, экс-кандыдат у прэзiдэнты, намеснiк старшынi Партыi БНФ:
–Я ўвайшоў у ініцыятыўную групу па вылучэнні Статкевіча, бо лічу, што Мікола павінен стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі як вылучэнец ад усіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў краіны. І яшчэ, канешне, у знак маёй асабістай павагі да яго. Я падтрымліваю кантакты са шматлікімі прадстаўнікамі штаба па стварэнні ініцыятыўнай групы Статкевіча i надалей буду дзейнічаць згодна з агульным рашэннем.
Я веру ў тое, што ініцыятыўная група па вылучэнні Статкевіча ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь павінна быць зарэгістравана. Але вось наконт таго, ці будзе яна зарэгістравана Цэнтральнай выбарчай камісіяй, канешне, маю шмат сумневаў. Бо ўсе мы добра разумеем сутнасць існавання і дзейнасці гэтай камісіі, якая скіравана на прызначэнне на пасаду прэзідэнта толькі аднаго чалавека. У выпадку адмовы з боку Центральнай выбарчай камісіі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча лічу, што далейшая дзейнасць павінна быць скаардынавана штабам групы. Я гатовы буду далучыцца да супольных дзеянняў. Супольная праца ў падтрымку Статкевіча будзе нашым агульным укладам у справу адстойвання незалежнасці нашай краіны, аб чым пастаянна кажа і Мікола.
Славамiр Адамовiч, паэт, грамадскі дзеяч:
– Я ўвайшоў у ініцыятыўную групу па вылучэнні Статкевіча таму, што ведаю Мікалая як дастаткова смелага чалавека, поруч з якім я браў удзел у многіх вулічных акцыях. Таму што быў побач у тым ліку і з ім каля таго самага помніка, што пакуль яшчэ стаіць насупраць мінскага Дома ўрада, і толькі выпадак уратаваў мяне ад хапуна тым позным вечарам 19-га снежня 2010-га. Таму што ведаю, што такое турмы рэжыму ўнутранай акупацыі. Таму што Статкевіч перш за ўсё беларускі нацыяналіст, а ўжо потым усё астатняе. Таму што Мікола быў адным з першых афіцэраў БЗВ, хто прысягнуў Беларусі незалежнай, і толькі ёй. Таму што такіх мужоў нам не хапае тут, на свабодзе.
Я веру ў стойкасць і трываласць Статкевіча, а групу не зарэгіструюць, пра што, здаецца, ужо заявіла галоўная шасцёрка ЦВК. Яшчэ ў 2010-м годзе я быў за татальны байкот псеўдавыбараў. Сёлета байкот актуальны як ніколі! Ініцыятыва за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Статкевіча – гэта акрамя маральнага акта яшчэ добрая нагода для ўжо самаабвешчаных апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты хоць бы ў апошюю хвіліну выйсці з кантэксту псеўдавыбараў і далучыцца да iніцыятывы, а пасля яе нерэгістрацыі абвясціць татальны байкот, няўдзел у псеўдавыбарах.
Усё магчыма ў палітыцы, калі яе робяць людзі валявыя. Лёс астатніх – сядзець на кухнях і варыць боршч. А Мікола Статкевіч пераможа пры любых раскладах! Разам з намі! Карфаген маскоўскага пракуратара будзе разбураны! Вось у гэта й трэба верыць. І гэты факт трэба набліжаць крок за крокам. Байкот – дзейсны рычаг такога набліжэння.
Лявон Вольскi, музыка, паэт, мастак:
– Я абсалютна ўпэўнены, што групу не зарэгіструюць. Я таксама ўпэўнены, што ўдзел у выбарах па вялікім рахунку не мае сэнсу. Вы самі ведаеце, якія будуць вынікі, а калі я памыляюся, дык першы буду радавацца сваёй памылцы. Цераз свой графік я не здолею сустракацца з народам і агітаваць за Мікалая. Больш за тое, я не веру, што гэтыя сустрэчы дадуць плён. Не ведаю, з якой мэтай палітыкі гэтым разам удзельнічаюць у чарговым фарсе. Упэўнены, што не з мэтай перамагчы на выбарах. А ўдзел у выбарах з іншымі мэтамі – ці то абсурд, ці штосьці горшае.
Я падпісаўся за Мікалая, каб маральна падтрымаць яго і Марыну, бо разумею, як ім цяжка, і гэтае блуканне па пакутах цягнецца шмат неацэнных для жыцця гадоў. Мая творчая занятасць пакуль не дазваляе мне «па поўнай праграме» ўдзельнічаць у палітычных ініцыятывах, але выказаць сваё стаўленне, згоду, нязгоду, пратэст альбо падтрымку – гэта я раблю заўсёды.
Аляксандр Тамковіч, пісьменнік, публіцыст, сябра Рады Беларускай асацыяцыi журналiстаў:
– Я схіляюся перад мужнасцю Мікалая Статкевіча. Таму што, як і ён, я былы ваенны і таксама ведаю сэнс слоў «Гонар маю». Таму што разумею: ён ведаў, на што ідзе, калі казаў Лукашэнку «Вярні тое, што скраў!». Гэта не радыкалізм. Гэта пачуццё ўласнай годнасці.
Веру ў тое, што яго ініцыятыўную групу павінны зарэгістраваць, але не веру грамадзянцы, якую да суда не магу называць па-іншаму, Ярмошынай.
А яшчэ я цалкам згодны з лепшым беларускім паэтам сучаснасці Уладзімірам Някляевым у тым, што падтрымка Мікалая Статкевіча – справа патрэбная і карысная для іншых кандыдатаў у прэзідэнты.
Вячаслаў Сіўчык, палітык, грамадскі дзеяч, старшыня руху салідарнасці «Разам»:
– Я ўвайшоў у ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча і паклікаў за сабой дзясяткі членаў сваёй арганізацыі, таму што лічу апошняй памылкай Лукашэнкi тое, што ён трымае ў турме палітыка яшчэ з мінулых выбараў. Гэта трэба выкарыстоўваць і паказаць, што ў Беларусі не можа быць выбараў да таго часу, пакуль у турме знаходзіцца Мікалай Статкевіч і іншыя палітвязні. І я вельмі задаволены тым, што на базе вылучэння Мікалая кандыдатам у прэзідэнты ўзнікла рэальная аб’яднаная апазіцыя, куды ўвайшлі людзі розных палітычных поглядаў, дзе прадстаўлены розныя партыі і рухі, лібералы і кансерватары, сацыял-дэмакраты і нацыяналісты. Гэтая кааліцыя паказвае, што ў Беларусі ёсць будучыня, а ў Лукашэнкі ў адрозненне ад папярэдніх чатырох разоў не атрымаецца проста так правесці чарговы фарс замест сапраўдных выбараў.
Я веру ў Бога і веру ў тое, што ў адпаведнасці з законам ініцыятыўная група ў падтрымку Мікалая Статкевіча павінна быць зарэгістравана. Але мы гатовы да таго, што насуперак закону наша група зарэгістравана не будзе. Відавочна, што Лукашэнка баіцца Статкевіча і прымусіць свой ручны ЦВК парушыць у чарговы раз закон. Мы да гэтага гатовы, і нашы дзеянні будуць адпаведнымі, у тым ліку за межамі Беларусі.
Сяргей Законнікаў, паэт, публіцыст, перакладчык, лаўрэат дзяржаўных і міжнародных прэмій, член Саюза пісьменнікаў СССР:
– У першую чаргу я падтрымліваю вылучэнне Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты, бо даўно яго ведаю, яшчэ з часоў стварэння сацыял-дэмакратычнай партыі. Я ведаю, што ў яго ёсць гонар, сумленне, адказнасць за народ і краіну. Ён заўсёды мне падабаўся ва ўсіх сваіх справах. Разам з Мікалаем я перажыў шмат бурных падзей яшчэ на світанку беларускага суверэнітэту. З тых часоў я яго вельмі паважаю. Але яшчэ больш я паважаю яго за тое, што ён і сёння не здаецца перад цяжкімі абставінамі, у якіх знаходзіцца. Усяму нашаму грамадству ён паказвае прыклад таго, як можна заставацца мужным чалавекам і змагацца ў любой сітуацыі.
Думаю, што адразу ж у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча адмоўлена не будзе, але ў рэшце рэшт у Цэнтрвыбаркаме зробяць усё для таго, каб нас не зарэгістраваць. Я ўжо даўно ведаю цану словам нашых чыноўнікаў, якія вось ужо 20 гадоў трымаюць краіну і ўсіх людзей пад гіпнозам махляроў. І, вядома, у іх ёсць вялікае хваляванне, таму што аб’яднанне вакол Статкевіча можа выклікаць рэзананс у грамадстве сярод людзей розных пакаленняў. Я вельмі спадзяюся на тое, што нават калі наша ініцыятыва і не прывядзе да хуткай перамогi, дык хаця б раскалыша наша соннае грамадства, якое ўвесь час чакае чагосьці лепшага, але само для гэтага нічога не робіць.
Юры Хашчавацкі, кінарэжысёр, уладальнік дзясяткаў міжнародных кінаўзнагарод, член Саюза кінематаграфістаў Беларусі:
– Мікалай Статкевіч – гэта чалавек-стоік, які сёння дае нам прыклад таго, як трэба змагацца, як трэба адстойваць свае пазіцыі. Я ўвайшоў у ініцыятыўную групу з вялікай павагі да гэтага чалавека, які з’яўляецца прыкладам мужнасці ў барацьбе са злачыннай уладай. Больш за тое, я лічу вельмі ганаровым для сябе быць у складзе яго ініцыятыўнай групы.
Я таксама ўваходжу ў ініцыятыўную групу Анатоля Лябедзькі і магу патлумачыць сваю пазіцыю. Як грамадзянін і проста чалавек я разумею, што правільней за ўсё сёння - гэта байкатаваць фальшывыя выбары. Але я лічу, што палітыкі не маюць права гэтага рабіць. Палітыкі павінны заўсёды змагацца і прад’яўляць грамадству сваё бачанне нашага агульнага будучага. У гэтым сэнсе я вельмі паважліва стаўлюся да праграмы, якую прапануе АГП.
Паколькі Мікалай Статкевіч антызаконна не мае законных правоў на тое, каб балатавацца ў прэзідэнты, я думаю, што яго ініцыятыўную групу не зарэгіструюць. Але мы павінны спрабаваць стварыць у Беларусі любымі шляхамі супольнасць людзей, здольных на валанцёрскіх пачатках распаўсюджваць праграму новай Беларусі. Гэта вельмі важна. Нам вельмі патрэба супольнасць прыхільнікаў пераменаў для краіны. Гэта стратэгічная задача для ўсіх нас. Часта можна пачуць, што ў нас у апазіцыі слабыя палітыкі, таму нічога ў іх не атрымліваецца. Але ў мяне на гэты конт іншае меркаванне. У нас проста грамадства пакуль слабое, не структураванае ў гэтым сэнсе. І атрымліваецца, што ў нас то рабочыя дзесьці страйкуюць, то прадпрымальнікі, то яшчэ нехта. Але сярод іх няма аб’яднання, і гэта самая вялікая бяда нашага грамадства. Я вельмі спадзяюся на тое, што менавіта тыя людзі, якія ўвайшлі ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча, а сярод іх, дарэчы, ёсць і Анатоль Лябедзька, здолеюць стаць ядром для аб’яднання шырокіх мас у грамадстве. Хопіць ў бірулькі гуляць. Усе пастаянна хочуць, каб кандыдаты аб’ядналіся і выбралі адзінага, але мы ж і самі пакуль не ўмеем аб’яднацца, вось у чым бяда. І я веру, што людзі, якія ўвайшлі ў ініцыятыўную групу Статкевіча, змогуць аб’яднацца ў галоўным, у тым, каб прывесці Беларусь да новай сітуацыі, у якой будуць панаваць закон і свабода.
Зміцер Дашкевіч, сустаршыня «Маладога фронту», былы палітвязень:
– Думаю, што ўдзел у iнiцыятыўнай групе Мікалая Статкевіча – гэта самы лепшы сродак дамагчыся яго вызвалення і вызвалення астатніх палітвязняў. Наша група будзе аказваць грамадскi ціск на Лукашэнку, таму што ўсе гэтыя знешнія ціскi бессэнсоўныя.
У першую чаргу мы будзем чакаць рэгістрацыі. Усё залежыць ад Лукашэнкі, ад таго, які загад ён аддасць Ярмошынай – рэгістраваць нас ці не. Калi ініцыятыўная група будзе зарэгістравана, я буду займацца зборам подпісаў. Абапіраючыся на асабiсты вопыт, ведаю, што каля тысячы подпісаў, не моцна адрываючыся ад працы, можна сабраць. Тым больш што людзі добра ведаюць Статкевіча і цудоўна разумеюць, што ён падвяргаецца пераследу за свае погляды.
Вядома, для Лукашэнкі будзе лепш не рэгістраваць ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча. Ён не зацікаўлены ў тым, каб імя Статкевіча фігуравала сярод ужо наяўных фэйкавых кандыдатаў. У выпадку адмовы ў рэгістрацыі адзіным варыянтам у дачыненні да выбарчай кампаніі застаецца байкот. У гэтым выпадку мы маем намер працягнуць барацьбу за вызваленне ўсіх палітвязняў і будзем заклікаць грамадзян да няўдзелу ў гэтых выбарах.
Вольга Завадская, маці зніклага 15 гадоў таму журналіста Дзмітрыя Завадскага:
– Сваім уваходжаннем у ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча я хачу прыцягнуць увагу грамадскасці да таго, што ён з’яўляецца палітвязнем і яшчэ з мінулых выбараў знаходзіцца ў турме. Мне хацелася б, каб на гэта звярнулі большую ўвагу ва ўсім свеце і ў нашай краіне. Пры гэтым нейкіх спадзяванняў на іншых дзеячаў апазіцыі ў мяне няма.
У тое, што ініцыятыўная група па вылучэнні Мікалая Статкевіча будзе зарэгістравана, я веру. Спадзяюся, што ў Цэнтрвыбаркама засталося яшчэ хоць нейкае сумленне. Таму жадаю паспяховай працы ўсім удзельнікам ініцыятыўнай групы.
Кірыл Жываловiч, спецыяльна для charter97.org