Мікалая Дзядка перавялі ў атрад і накіравалі на працу
4- 8.06.2015, 16:15
- 10,970
Палітвязня прыстрашылі штрафным ізалятарам, калі ён адмовіцца выконваць працу.
З ліста палітвязня Мікалая Дзядка, які цытуе сайт abc-belarus.org, вынікае, што бюракратычная валтузня з пераездам у атрад скончылася:
«Нарэшце скончыліся ў мяне ізалятары, а пасля іх уся гэтая дэбільная бюракратычная валтузня з пераездам у атрад. У дзень, калі я павінен быў выходзіць, мне дадалі 3 дні (адразу пасля размовы з адвакатам), потым мяне размеркавалі ў 21-ы атрад. На наступны ж дзень пайшоў на працу (субота рабочая, да 14.00), дзе мяне паставілі на паддоны, прызначылі норму і прыстрашылі штрафным ізалятарам, калі не буду выконваць. Выдалі рабочую вопратку і кавалак мыла.
Сёння выхадны - вісну днямі на вуліцы, радуюся сонцу і гляджу на неба без клетак за тры гады камернай сістэмы. Тут усе і кожны ў чаканні амністыі, толькі я спакойны на гэты конт».
Мікалая Дзядка 12 траўня перавялі ў новае месца адбыцця пакарання - у калонію ВК-9 у Горках. А ўжо на другі дзень, 13 траўня ён быў змешчаны ў штрафны ізалятар, дзе правёў 5 дзён. Літаральна праз дзень, 19 траўня, яго зноў накіравалі ў адзіночку штрафнога ізалятара. Праз вельмі нізкую тэмпературу Дзядок пакутаваў усю ноч, прасіў аб пераводзе ў іншае памяшканне. Раніцай 20 траўня Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук, пасля чаго быў змешчаны ў медсанчастку. Пасля аказання першай медыцынскай дапамогі, Дзядка зноў накіравалі ў тое ж халоднае памяшканне ШІЗА, дзе ён і знаходзіўся да 26 траўня.
Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015. Аднак 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 году зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у дзеянні.