Аўдронюс Ажубаліс падтрымаў патрабаванне аб адстаўцы Майры Моры
22- 8.05.2015, 15:16
- 15,641
Экс-міністр замежных спраў Літвы мяркуе, што кіраўніца Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі павінна сысці ў адстаўку.
Экс-міністр замежных спраў Літвы, дэпутат Сейма і намеснік старшыні камітэта літоўскага парламента па замежных справах Аўдронюс Ажубаліс падтрымаў патрабаванне кіраўніка шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марціна Углы аб адстаўцы кіраўніцы Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майры Моры ў сувязі з «вычэрпваннем крэдыту даверу».
Пра гэта палітык напісаў у «Твітэры».
I support the statement by the Swedish Ostgruppen: our head of the EU Delegation to Belarus M.Mora should resign. http://t.co/Y9k0r1nySD
— Audronius Ažubalis (@Azubalis) 8 мая 2015
Нагадаем, шведскія праваабаронцы мяркуюць, што дзейнасць кіраўніцы Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майры Моры супярэчыць палітыцы ЕЗ.
«Замест таго, каб выразна выказаць афіцыйную лінію ЕЗ у падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, Майра Мора неаднаразова дзейнічала такім чынам, што гэта хутчэй служыла інтарэсам нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі. Таму яна вычарпала свой крэдыт даверу як прадстаўніца ЕЗ», - заявілі ў Östgruppen.
Праваабаронцы адзначаюць, што падчас праўлення Моры рэпутацыя Прадстаўніцтва ЕЗ у Менску значна пагоршылася сярод беларускіх дэмакратычных сіл. Арганізацыя заклікае ўрад Швецыі падняць гэтае пытанне ў ЕЗ.