26 лiстапада 2024, aўторак, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскія анархісты вывесілі банэр «Свабоду палітвязням»

3

Уночы з 24 на 25 траўня менскімі анархістамі была праведзена акцыя ў падтрымку палітвязняў.

У цэнтры горада, на мосце каля праспекта Машэрава, актывісты анархісцкага руху запалілі паходню і вывесілі банэр «Свабоду палітвязням», паведамляе сайт revbel.org.

«Сістэме мала кінуць у катоўні людзей, якія валодаюць дастатковай адвагай, каб ёй супрацьстаяць. Яна не спыняецца - спрабуе раздушыць асобу шляхам катаванняў. Плюс адзін год турмы за нашэнне спартовага гарнітура, інфармацыйная блакада - да зняволеных актывістаў не даходзяць лісты і газэты, безупынныя пакаранні ў выглядзе ізалятара - усё гэта толькі частка таго беззаконня, якое адбываецца ў нашы дні.

Грамадства, якое не змагаецца за свабоду, асуджанае на выміранне. Найлепшая салідарнасць з палітвязнямі - гэта супраціў улады», - заяўляюць удзельнікі акцыі.

Нагадаем, актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок быў асуджаны 27 траўня 2011 года судом Заводскага раёна Менска паводле ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства) на 4,5 года зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сваёй віны актывіст на судзе не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні.

У лістападзе 2014 года на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэкса РБ за «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання». 26 лютага, за 5 дзён да заканчэння асноўнага тэрміну, Ленінскі суд Магілёва прысудзіў Мікалая Дзядка да 1 году зняволення ў калоніі строгага рэжыму паводле арт.411 КК.

20 траўня, знаходзячыся ў штрафным ізалятары калоніі ў Горках, Мікалай Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны рук і жывата, каб прывабіць увагу адміністрацыі да нечалавечых варункаў утрымання ў карцэры.

27 траўня 2011 года суддзя Заводскага раёна Менска Жанна Хвайніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, а таксама падпале дзвярэй філіі «Беларусбанка».

Яўген Васьковіч, разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым, быў прысуджаны да 7 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў спробе падпалу дзвярэй бабруйскага аддзялення КДБ.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках