26 лiстапада 2024, aўторак, 15:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Жыцці палітвязняў знаходзяцца пад пагрозай

4
Павел Севярынец: Жыцці палітвязняў знаходзяцца пад пагрозай
ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Беларускія ўлады дэманстратыўна карыстаюцца бандыцкімі прыёмамі, разглядаючы палітвязняў як болевае месца для ціску на Захад.

Пра гэта сайту charter97.org заявіў сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», былы палітвязень Павел Севярынец.

- Сённяшні дзень у Беларусі адзначыўся двума сумнымі падзеямі: адбываецца суд над палітвязнем Юрыем Рубцовым і стала вядома, што іншы палітвязень, Мікалай Дзядок, быў вымушаны зрабіць сабе раны ў Горацкай калоніі. Пра што, на вашую думку, сведчаць гэтыя факты?

- Безумоўна, гэта сведчыць аб тым, што беларускія ўлады не саслабляюць ціск на палітвязняў. Рэжым успрымае палітвязняў як болевае месца для ўздзеяння на Захад. Спачатку як тавар для торгу з Еўропай, а цяпер - менавіта як болевае месца, на якое можна ціснуць, і Захад стане больш згаворлівым. Таму я не выключаю, што ўсё гэта - кампанія, адрасаваная Захаду. І яе пасыл такі: «Размаўляйце з намі, прымайце нас такімі, якія мы ёсць - інакш за ўсё адкажуць палітвязні і праеўрапейскі настроеныя грамадзяне». Гэта такі бандыцкі прыём, і тое, што адбываецца сёння і з Юрыем Рубцовым, і з Мікалаем Дзядком - гэта ўсё сведчыць аб такім вось падыходзе ўладаў.

- Удзел Беларусі ў саміце «Усходняга партнёрства» у Рызе магчыма успрыняты рэжымам як свайго кшталту «сігнал» аб тым, што Захад можа пайсці на кампраміс у пытанні абароны правоў чалавека ў Беларусі?

- Гэта частка агульнай гульні. Лукашэнка хоча, каб яго ў Еўропе ўспрымалі такім, які ён ёсць. Ён паслядоўна, дэманстратыўна карыстаецца такімі бандыцкімі прыёмамі. Захад павінен заняць цвёрдую паслядоўную пазіцыю ў пытанні абароны правоў чалавека ў Беларусі і, колькі ёсць сіл, максімальна ціснуць на беларускі рэжым. Бо скончыцца ўсё можа фатальна. Калі ў Беларусі пачало даходзіць да крыві і рэальнай пагрозы жыццю палітвязняў - на гэта ўсё Еўропа не павінна заплюшчваць вочы. Таму што заўтра гэты рэжым, разам з танкамі Пуціна, разам са сваімі дыктатарскімі парадкамі, можа «пастукацца» да еўрапейцаў у «госці».

- Якім чынам грамадзянская супольнасць у Беларусі можа паўплываць на сітуацыю знутры?

- Па-першае - гэта, вядома ж, салідарнасць. Па прынцыпе: «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Па-другое, гэта максімальны ўдзел у кампаніі падтрымкі Мікалая Статкевіча ды іншых палітвязняў. І ў палітычнай частцы гэтай кампаніі, якая паказвае абсурднасць будучых прэзідэнцкіх «выбараў». Салідарнасць - гэта галоўны адказ на выклікі дыктатуры. А грамадству, безумоўна, трэба развязаць пытанне самаарганізацыі. Паколькі палітычныя партыі не ў стане аб'яднацца ў пытанні «выбараў» і павесці за сабой людзей - патрэбная самаарганізацыя ў самых розных формах.

- Арганізаваны няўдзел беларусаў у выбарах мог бы дапамагчы ў справе вызвалення палітвязняў?

- Добра арганізаваная кампанія байкоту выбараў, у якой выстаўляюцца палітычныя патрабаванні (і першае сярод іх - вызваленне палітвязняў), адназначна прывяла б да зменаў. Калі ёсць камбінаваны – вонкавы ды ўнутраны - ціск на рэжым у гэтым пытанні, калі ёсць кансэнсус пратэстных сілаў унутры Беларусі - тады ўлады выпускаюць палітвязняў. Гэта мы ведаем на прыкладзе 90-х і 2000-х гадоў. Звычайна такая камбінацыя ўнутранага і вонкавага ціску, у спалучэнні з высокай ступенню салідарнасці, прыводзіла да вызвалення людзей. А калі, як сёння, няма салідарнасці, і частка «палітыкаў» настроеная на ўдзел у выбарах і дыялог з рэжымам - дыктатар будзе працягваць гандляваць чалавечымі жыццямі і лёсамі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках