Дэпутат Бундэстагу заклікаў вызваліць Мікалая Статкевіча
4- 26.05.2015, 17:34
- 19,927
Нямецкі дэпутат Франц Тэнэс запатрабаваў неадкладна вызваліць беларускага палітвязня і выказаў салідарнасць з ягонай сям'ёй.
У распаўсюджанай ім заяве намеснік старшыні Камітэта замежных спраў у нямецкім Бундэстагу, Франц Тэнэс адзначыў, што ён так званы «хросны бацька» асуджанага на шэсць гадоў беларуса. З ініцыятывы швэйцарскай праваабарончай ініцыятывы Libereco такі статус, акрамя самога дэпутата, маюць і шэраг іншых нямецкіх і еўрапейскіх палітыкаў, якія ўзялі на сябе абавязак падтрымліваць беларускіх палітвязняў і іх сваякоў, паведамляе «Радыё Свабода».
Дэпутат Бундэстагу таксама падзяляе трывогу беларускіх праваабаронцаў у сувязі з няпростай сітуацыяй вакол Мікалая Статкевіча, якая здарылася ў пачатку цяперашняга траўня, калі палітвязень пастановай закрытага суда быў пераведзены са Шклоўскай калоніі назад у Магілёўскую турму.
«У мяне як у «хроснага бацькі» Мікалая Статкевіча гэтая навіна выклікала вялікую занепакоенасць, - гаворыцца ў заяве нямецкага сацыял-дэмакрата. - Таму што, як вынікае з гэтай пастановы, беларускія турмы і юстыцыя прадаўжаюць чыніць велізарны ціск на зняволеных, асуджаных паводле палітычных матываў. Раз за разам правасуддзе ў гэтай краіне праяўляе сваю непавагу да правоў чалавека і да права Мікалая Статкевіча на справядлівы суд. Прыгнёт з боку адміністрацыі, а таксама недапушчальнае этычнае, псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне на яго павінны спыніцца. Але, на жаль, такая пастанова прадаўжае неабгрунтаваную і адвольную судовую практыку».
«З пункту гледжання Нямеччыны і ЕЗ такія дзеянні абсалютна непрымальныя і выклікаюць асуджэнне. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, іх рэабілітацыя і спыненне палітычных рэпрэсій неабходныя для нармалізацыі стасункаў паміж еўрапейскай супольнасцю і Беларуссю. На жаль, пастанова травеньскага суда перакрэсліла гэтую ідэю», - адзначыў Франц Тэнэс.
Нямецкі палітык заклікаў падпісаць адпаведную петыцыю на change.org. «Прэзідэнт Лукашэнка павінен разумець, што не забытыя і астатнія шэсць беларускіх палітычных зняволеных», - гаворыцца ў заяве.