26 лiстапада 2024, aўторак, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Выбары ў Беларусі - тэатр і прафанацыя

10
Юры Хашчавацкі: Выбары ў Беларусі - тэатр і прафанацыя
Юры Хашчавацкі
ФОТА: CHARTER97.ORG

Галоўная задача на будучых «выбарах» палягае ў тым, каб парушыць гульню улады.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org распавёў вядомы беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі.

- Так званыя прэзідэнцкія «выбары» у Беларусі, нават зыходзячы з заяваў Лідзіі Ярмошынай, з'яўляюцца дзействам з загадзя перадвызначаным вынікам. Аднак, некаторыя палітыкі збіраюцца ў іх удзельнічаць.

- Я думаю, што такія людзі, якія ідуць на выбары ад кампаніі «Гавары праўду», як Таццяна Караткевіч, ці такія, як той «дармаед», якога «Партыя зялёныя» вылучыла - гэта ўсё фікцыя. Яны працуюць, фактычна, на рэжым для таго, каб гэтыя «выбары» легітымізаваць. Свядома ці не - але факт застаецца фактам. Але гэта ўсё адно будзе. Гэтыя людзі ўсё адно пойдуць. І, мяркуючы з настрою Захаду, ёсць такая велізарная небяспека, што там проста захочуць «закрыць пытанне»: ніхто, праз больш сур'ёзныя геапалітычныя праблем, не хоча насур’ёз звязвацца з рэжымам Лукашэнкі. І ёсць небяспека, што рэжым будзе сапраўды легітымізаваны. І гэтыя людзі дапамагаюць гэтаму. З іншага боку, ёсць Анатоль Лябедзька. Я размаўляў з ім, і нейкае зерне логікі ў ягонай пазіцыі ёсць. Ён мяркуе, што хтосьці павінен зладзіць скандал і падаць Захаду факты, што гэта зусім ніякія не «выбары»... Я не ўпэўнены, што гэта так, але, магчыма, нейкая логіка ў гэтым ёсць. Магчыма, некаторым палітыкам даводзіцца ісці на такое «палітычнае самаспаленне», каб пераканаць Захад, што выбараў як такіх у Беларусі няма.

- Ці не будзе правільней байкатаваць «выбары», асабліва калі з іх дапамогай можа адбыцца легітымізацыя рэжыму Лукашэнкі?

- Альбо падтрымаць годнага дэмакратычнага кандыдата, калі яму дазволяць зарэгістравацца і паўнавартасна ўдзельнічаць у барацьбе, альбо не хадзіць на выбары наогул. Пры гэтым усім сваім знаёмым тлумачыць, што ні ў якім выпадку галасаваць не варта. Я шмат дыскутаваў з прадстаўнікамі Аб'яднанай грамадзянскай партыі і магу сказаць, што мая пазіцыя зводзіцца да таго, што ва ўладзе будзе дастаткова «марыянетачных» кандыдатаў для легалізацыі «выбараў», таму Лябедзьку не дадуць паўнавартасна ўдзельнічаць.

Хоць гэтыя «выбары» і з'яўляюцца прафанацыяй, але цырк з іх рабіць нельга. Гэта павінна быць барацьба, сапраўдная барацьба. Пытанне ў тым, як зламаць гульню ўлады, як пераблытаць іх карты. На парламенцкіх выбарах 2012 года мы пераблыталі ім карты, і ўлада адразу пачала мяняць закон аб парламенцкіх выбарах. Гэта значыць, што байкот, які дэмакратычныя сілы прапанавалі грамадству, спрацаваў. І гэта было відаць на выбарчых участках. Я цяпер хачу звярнуцца да ўсіх грамадзян, асабліва бюджэтнікаў, вайскоўцаў, студэнтаў... Вас пагоняць на датэрміновыя «выбары». Ні пры якіх умовах не трэба туды ісці! Таму што менавіта там арганізуюць фальсіфікацыю. Калі вы грамадзяне сваёй краіны - ні ў якім выпадку не хадзіце на датэрміновае галасаванне! Калі ўсё вы зразумееце, што ісці не трэба, ніхто вам не зможа нічога зрабіць. Падумайце пра будучыню: калі вы саступіце сёння - заўтра вам зноў будуць пагражаць і сілком зганяць на ўчасткі... І тады мы зможам паглядзець на прыход на участках, і ўбачым, што туды не прыйшоў ніхто. І адразу стане зразумела, што гэта не выбары - гэта тэатр, гэта прафанацыя.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках