Аляксандр Дабравольскі: Толькі цвёрдая пазіцыя ЕЗ прывядзе да пераменаў у Беларусі
2- 20.05.2015, 9:37
- 14,951
Дыялог паміж Менскам і Брусэлем немагчымы без вызвалення палітвязняў.
Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў беларускі палітык, дырэктар Еўрапейскай школы палітычных даследаванняў Аляксандр Дабравольскі.
- Дыялог - рэч добрая, але пакуль я бачу толькі ягоную імітацыю, - сказаў ён. - І я баюся, што палітвязні не адчуюць ніякіх пераменаў, а стаўленне да іх - галоўны індыкатар таго, ці ёсць лібералізацыя ці не.
- Праз некалькі дзён у Рызе пачнецца саміт «Усходняга партнёрства». У ім возьмуць удзел і прадстаўнікі афіцыйнага Менска.
- Зразумела, што Беларусь павінна быць ва «Усходнім партнёрстве». І тое, што наша краіна ўдзельнічае ў ім - гэта правільна. Тое, што Лукашэнка, які парушае правы чалавека, не паедзе ў Рыгу - таксама добра. Што тычыцца еўрапейскіх палітыкаў, то яны павінны знайсці баланс паміж бяспекай і сваімі каштоўнасцямі. Мне здаецца, што і тое і тое могуць спалучацца. Не трэба адмаўляцца ад еўрапейскіх каштоўнасцяў для таго каб развязаць нейкія пытанні, звязаныя з бяспекай.
- У чым можа быць баланс, пра які вы кажаце?
- Цяпер сказаць цяжка. Я б не ўзяўся прагназаваць. Заўсёды ёсць так званыя прагматыкі, якія не хочуць звяртаць увагу на каштоўнасці і я думаю, што іх колькасць цяпер павялічылася ў сувязі з падзеямі ва Украіне. Тое, што там адбываецца, напалохала і Еўропу і ўвесь свет.
Еўрапейскім палітыкам трэба добра разумець, што беларуская ўлада, на жаль, не здольная кіраваць краінай нармальнымі спосабамі - з павагай да людзей, з павагай да палітычных апанентаў. Яна разумее толькі сілу. Таму толькі цвёрдая пазіцыя Еўрапейскага Звязу, у першую чаргу - патрабаванне вызваліць палітвязняў можа прывесці да якіх-небудзь зменаў. Усё астатняе будзе гульнёй, у якой адразу выйграе беларуская ўлада, таму што яна не хоча ніякіх пераменаў, тым больш тых, якія нясуць пагрозу для яе. А пагрозай Менск уважае, як ні дзіўна, любую самастойную палітычную дзейнасць і любыя свабодныя выбары.
- У 2010 годзе і ўлады Беларусі, і еўрапейскія палітыкі таксама казалі пра дыялог паміж Менскам і Брусэлем. Скончыліся гэтыя размовы 19 снежня жорсткім разгонам акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і арыштам сотняў чалавек, у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты...
- Такая небяспека, на жаль, ёсць і цяпер. Мы ведаем тэндэнцыю. Тым не менш дыялог патрэбны, але дыялог патрэбны толькі з цвёрдай еўрапейскай пазіцыяй - з патрабаваннем спынення палітычных рэпрэсій. Гэта павінна стаць першай умовай паляпшэння стасункаў.