26 лiстапада 2024, aўторак, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч: Калонія ў Горках вядомая самым неадэкватным кіраўніцтвам

Зміцер Дашкевіч: Калонія ў Горках вядомая самым неадэкватным кіраўніцтвам
Зміцер Дашкевіч
Фота: БелаПАН

Мікалая Дзядка перавялі ў самую страшную калонію ВК-9 у Горках, каб максімальна ціснуць на яго.

Такое меркаванне выказаў charter97.org сустаршыня «Маладога фронту» і былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.

На днях стала вядома, што палітвязня Мікалая Дзядка перавялі ў новае месца адбыцця пакарання - у калонію асобага рэжыму ВК-9 у Горках, дзе таксама сядзеў Зміцер Дашкевіч.

- Калонія ў Горках вядомая самымі неадэкватнымі норавамі і кіраўніцтвам, якое ладзіць беззаконне на ўсе застаўкі. І Мікалая перавялі ў Горкі менавіта для таго, каб ціснуць на яго псіхалагічна і маральна, - кажа палітык.

- Як менавіта адбываецца такі ціск?

- Начальства імкнецца заставацца юрыдычна «чыстым» і робіць усё рукамі падкантрольных зняволеных. Кіраўнік аператыўнага аддзела і намеснік начальніка ў аператыўна-рэжымнай працы Петраковіч кіруе «блатнымі». Пры мне быў такі Іван Іваноў, галоўны «блатны». І іх нацкоўваюць на непажаданага асуджанага. А такія «блатныя» ўжо робяць што заўгодна: кагосьці збіваюць, а каго могуць загнаць у «пятухоўню» - заганяюць.

- Як будуць паводзiць сябе там у дачыненні да Мікалая? Усё ж такі, за ягоным лёсам сочыць сусветная грамадскасць.

- Мікалая, магчыма, і пабаяцца збіваць праз пільную грамадскую ўвагу. Але гэта азначае, што ў дачыненні да яго будуць прымяняць псіхалагічны гвалт. Чалавека ставяць у такія варункі, што выбар застаецца такі: альбо сядзець ад званка да званка ў ізалятарах, або рэзаць вены і патрабаваць пераводу ў іншую калонію.

Нагадаем, 26 лютага 2015 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў палітвязня Мікалая Дзядка, які знаходзіцца ў турме, вінаватым у злосным парушэнні рэжыму і прысудзіў яго да года і трох дзён пазбаўлення волі. Тэрмін зняволення Дзядка заканчваўся 3 сакавіка, аднак прызнанне судом ягонай вінаватасці ў новым злачынстве адтэрмінавала выхад на свабоду.

30 красавіка падчас разгляду скаргі зняволенага на гэтую пастанову ў пачатку пасяджэння касацыйная калегія адхіліла хадайніцтва Дзядка аб выкліку яго на судовае пасяджэнне. Суддзі пагадзіліся з меркаваннем боку абвінавачання, што ў прысутнасці зняволенага няма неабходнасці, бо ягоная пазіцыя выкладзеная ў дакументах скаргі.

Дзядок быў асуджаны 27 траўня 2011 года. Суд Заводскага раёна Менска прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму паводле ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства). Як мяркуюць праваабаронцы, падставай для прысуду Дзядку стаў ягоны ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту ля Міністэрства абароны супраць супольных расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў.

Мікалай Дзядок павінен быў выйсці на волю яшчэ 3 сакавіка. Актывіст адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў. Сваёй віны на судзе ён не прызнаў, а пазней адмовіўся падаваць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Палову тэрміну Мікалая Дзядка трымалі ў «крытай» турме як злоснага парушальніка рэжыму.

26 лютага пастановай Ленінскага раённага суда Магілёва ён быў прысуджаны да дадатковага году зняволення ў калоніі строгага рэжыму паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса «за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Скасавання гэтага артыкула, які з'яўляецца спадчынай савецкай судовай сістэмы і не мае аналагаў у заканадаўстве іншых постсавецкіх краін, дамагаюцца беларускія праваабаронцы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках