27 лiстапада 2024, Серада, 1:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскі гарвыканкам забараніў шэсце ў гадавіну аварыі на ЧАЭС

3
Віцебскі гарвыканкам забараніў шэсце ў гадавіну аварыі на ЧАЭС
ФОТА: BELAPAN.BY

Прычынай забароны ўлады назвалі адсутнасць дамоваў на абслугоўванне акцыі камунальнікамі, медыкамі і міліцыяй.

Заяўку на памінальнае шэсце падавалі віцебскія сябры КХП БНФ. Маршрут, паводле якога яны збіраліся прайсці, пралягае па трох раёнах горада, таму разглядаць яе быў павінен гарвыканкам. Намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Дзмітрый Шэрыкаў забараніў праводзіць шэсце, піша сайт ПЦ "Вясна".

Прычына забароны традыцыйная: адсутнасць дамоваў на абслугоўванне акцыі камунальнікамі, медыкамі і міліцыяй. Паводле асаблівай пастановы Віцебскага гарвыканкама «Аб парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў», гэтыя пагадненні трэба падаваць разам з заяўкамі.

Аднак на такіх умовах дамовіцца з адказнымі службамі немагчыма. Як паведаміў адзін з заяўнікаў, Ян Дзяржаўцаў, намеснік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама Юрый Манько напісаў, што ягоная ўстанова нібыта не супраць падпісання дамовы, але толькі пасля таго, як гарвыканкам дасць дазвол на правядзенне шэсця. Аднак загадзя вядома, што без папярэдняй дамоўленасці на дазвол разлічваць безвынікова.

Галоўны лекар Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі Станіслаў Цітовіч адказаў заяўнікам, што на абслугоўванне акцыі брыгадамі хуткай дапамогі можна разлічваць толькі пры адсутнасці вялікай колькасці выклікаў. А як раз 26 красавіка ён чакае, што будзе «вялікая абарачальнасць насельніцтва». Што маецца на ўвазе, сказаць складана, але дамову спадар Цітовіч падпісаць адмовіўся.

Дагэтуль няма адказу ад камунальнікаў, але звычайна толькі гэтая структура згаджалася на дамовы з актывістамі, кажа Ян Дзяржаўцаў.

Ён удакладняе, што ў заяўцы на шэсце было згадана аб недасканаласці пастановы гарвыканкама: пра тое, што яно супярэчыць заканадаўству аб масавых акцый, бо там не прапісана аб неабходнасці папярэдніх дамоў: «Мы пісалі, што просім кіравацца законам, так як, на нашу думку, пастанова Віцебскага гарвыканкама №881 ад 10.07.2009 г. не адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паколькі пазбаўляе магчымасці рэалізаваць права на свабоду публічнага выказвання сваіх думак і права на правядзенне мірных сходаў. Але ў лісце аб забароне шэсця чыноўнік падкрэсліў, што пастанова гарвыканкама з'яўляецца нарматыўным прававым актам і падлягае абавязковаму выкананню ўсімі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі», - кажа Ян Дзяржаўцаў.

Актывісты планавалі пачаць шэсце ў памяць аб ахвярах Чарнобыльскай трагедыі 26 красавіка а 11 гадзін у Парку імя 30-годдзя ВЛКСМ і цягам 3 гадзін прайсці па ўсім горадзе да Парку Мазурына. Але забарона гарвыканкама перакрэсліла гэтыя планы.

Нагадаем, «Чарнобыльскі шлях» у Менску пройдзе 26 красавіка. Збор - а 14:00 каля кінатэатра «Кастрычнік». Акцыя дазволена ўладамі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках