27 лiстапада 2024, Серада, 2:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Калінкавічаў аб дэкрэце №3: Ці ты раб, ці дармаед

19
Жыхар Калінкавічаў аб дэкрэце №3: Ці ты раб, ці дармаед
Фота Сяргея Гудзіліна

Пасля выдання дэкрэта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» мы прачнуліся ў «іншай краіне».

У гэтым упэўнены жыхар Калінкавічаў (Гомельская вобласць) Дзяніс Рабянок. Ягонае меркаванне публікуе «Наша ніва»:

- Фактычна, у Беларусі ўведзеная новая паншчына, - піша ён. - Мяркую, што Беларусь уступіла ў фазу ператварэння ў таталітарную дзяржаву.

Адным з самых устойлівых міфаў, якія стварыла лукашэнкаўская прапаганда за гады свайго існавання, быў тэзіс аб тым, што, дзякуючы палітыцы рэжыму, у нас самае нізкае ў свеце беспрацоўе. І гэты факт падавалі як значнае дасягненне. Бо Лукашэнка сам неаднаразова казаў пра тое, што галоўнае права - гэта права на працу. А ў нас, калі верыць прапагандзе, з гэтым, здаецца, усё настолькі добра, што хоць у кнігу рэкордаў Гінэса.

Зразумела, што ні Лукашэнка, ні міністр сацыяльнай абароны, ні афіцыйныя прафсаюзы ніколі не акцэнтавалі ўвагі на тым, што ў нас фантастычна нізкія лічбы афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. І гэта цалкам зразумела.

Навошта чалавеку пры розуме марнаваць час і нервы на тое, каб у выніку атрымаць дапамогу па беспрацоўі сумай 20-30 даляраў?

Пры гэтым, паводле падлікаў аўтарытэтных экспэртаў, сотні тысяч беларускіх грамадзян працуюць за межамі Беларусі, пераважна ў суседняй Расеі.

І вось у 2013 годзе Міхаіл Мясніковіч, тады яшчэ старшыня ўрада, адным махам звёў на нішто шматгадовую працу сваіх жа падначаленых з Белстата. Аксакал беларускай палітыкі заявіў, што «амаль 445 тысяч беларусаў працаздольнага ўзросту паводле дакументаў нідзе не працуюць, не ўносяць ніякага ўнёску ў развіццё грамадскай эканомікі». Адначасова прэм'ер агучыў сваё бачанне развязання гэтай праблемы, прапанаваўшы «ўвядзенне падатку з беспрацоўных».

Трэба сказаць, што першым аб барацьбе з так званым «сацыяльным утрыманствам» пачаў гаварыць сам Лукашэнка, прапанаваўшы ўвесці 100% плату за медыцынскае абслугоўванне для грамадзян Беларусі, якія працуюць за межамі Беларусі, атрымліваюць высокі заробак, але плаціць падаткі не хочуць. Абмеркаванне пасеянай ў свядомасць электарату тэмы працягнулі некаторыя дэпутаты.

Сама сабой напрошваецца выснова, што ўлады мэтанакіравана рыхтуюць насельніцтва да непапулярнай пастановы.

Далей - больш, сілавікі прапаноўвалі штрафаваць і нават арыштоўваць усіх, хто не працуе больш за 6 месяцаў. Уключыліся ў прапагандысцкі вэрхал і старшыні аблвыканкамаў, абвясціўшы пра намер усіх беспрацоўных узяць пад назіранне, стварыўшы базу, як кажуць на БТ, «сацыяльных паразітаў».

Але кожнаму зразумела, чаму людзі едуць у Расею ці ЕЗ, працуюць там з рання да змяркання, рызыкуюць жыццём. Бо заробкі на многіх прадпрыемствах - гэта здзек. Асабліва ў правінцыі! Як пры нашым узроўні коштаў можна пражыць на 2,5-3 млн на месяц?! Спадарыня Шчоткіна не спрабавала?

Да таго ж, суграмадзяне, якія працуюць у «шэрым» сектары ў Беларусі ці нелегальна за мяжой, усё адно купляюць прадукты ў беларускіх крамах. Гэтым самым не толькі забяспечваюцца працай і заробкам тыя, хто працуе на прадпрыемствах, але і аплачваецца падатак на дададзеную вартасць.

Я катэгарычна супраць «падатку на дармаедаў». Баюся, ён лёгка можа перарасці ў механізм прымусу да рабскай працы, як гэта было ў калгасах за капейкі.

Дэкрэт N3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» Лукашэнка падпісаў 2 красавіка 2015 года. У каментары да дэкрэту сказана, што гэты прававы акт выдадзены «ў мэтах стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання імі канстытуцыйнага абавязку аб ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў».

Дэкрэтам устанаўліваецца абавязак грамадзян Беларусі, якія стала пражываюць у нашай краіне, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні (паўгода) у мінулым годзе, выплата збору сумай 20 базавых адзінак.

Вывучыўшы дэкрэт, юрысты і праваабаронцы заявілі, што ён груба парушае беларускую Канстытуцыю і шэраг падпісаных Беларуссю міжнародных актаў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках