26 лiстапада 2024, aўторак, 19:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Скрабец: Лідары ЕЗ развязалі рукі Лукашэнку

8
Сяргей Скрабец: Лідары ЕЗ развязалі рукі Лукашэнку

Дыктатар не збіраецца вызваляць палітвязняў.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя» заявіў палітык і былы дэпутат «палаты прадстаўнікоў» Сяргей Скрабец, каментуючы інфармацыю аб новым судзе над Мікалаем Статкевічам.

- Пасля таго, як у Менску падчас саміту пабывалі лідары Нямеччыны і Францыі, яны такім чынам развязалі беларускім уладам рукі і па сутнасці далі магчымасць праводзіць тую ўнутраную палітыку, якую хочуць. Гэтая палітыка вядомая, за 20 гадоў яна не змянялася. Многія апаненты ўлады вымушаныя былі з'ехаць за мяжу, некаторыя застаюцца ў турмах або на «беспрацоўным» становішчы, як адбываецца ў маёй сітуацыі. Тыя, хто пабываў у турмах, разумеюць, што далейшая барацьба з уладай бесперспектыўная і наогул сыходзяць з палітыкі. Беларускія ўлады зачысцілі палітычнае поле, а таму робяць усё, што хочуць. Тым больш, што Еўропа стала больш лаяльнай да гэтых уладаў, - сказаў Сяргей Скрабец.

- Магчыма, еўрачыноўнікі мяркуюць, што на фоне таго, што сёння робіць Пуцін, беларускія ўлады не такія ўжо і дрэнныя?

- Думаю, на сённяшні момант Еўропе падабаюцца тыя дзеянні, якія робіць Лукашэнка ў замежнапалітычным кірунку. Маўляў: тэрыторыю Беларусі ён кантралюе, а Беларусь - буфер паміж Расеяй і Еўропай. Хоць напраўду вельмі спрэчнае пытанне, хто каго кантралюе, бо Беларусь па руках і нагах звязаная Масквой. І наогул, як мне здаецца, у доўгатэрміновай перспектыве Еўропа не разглядае нашу краіну ні ў якасці стратэгічнага партнёра, ні ў якасці раўнапраўнага палітычнага суб'екта. Адсюль і такое стаўленне да сітуацыі з палітвязнямі.

- Калі зыходзіць з вашых адказаў, то Мікалай Статкевіч наўрад ці выйдзе на волю раней часу?

- Уважайце мяне за песіміста, але ўсё ідзе да гэтага. Больш за тое, яму могуць дадаць да тэрміна зняволення яшчэ год, як гэта ўжо было з некаторымі іншымі палітвязнямі. І ўпэўнены: Еўропа гэта праглыне. Я ўвогуле не разумею, як можна вітаць вызваленне палітвязня, які адседзеў за кратамі «ад званка да званка». Што ў гэтай сітуацыі еўрапейцам можна «вітаць»? Умовы Еўропе сёння дыктуюць беларускія ўлады...

Нагадаем, цяпер Мікалай Статкевіч утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, дзе няма дзённага святла, а на шпацыр адводзіцца паўгадзіны ў дзень.

Пра тое, што адміністрацыя калоніі ўзмацніла ціск на апазіцыйнага палітыка, стала вядома ў пачатку красавіка, калі толькі за адзін тыдзень на яго склалі восем актаў нібыта за парушэнне рэжыму. Палітвязень быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання, якое ў іх планавалася ў гэтым месяцы і прадуктовай перадачы, правёў трое сутак у штрафным ізалятары, а 3 красавіка яго перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.

Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы і перавялі ў магілёўскую турму №4 на тры гады. Пасля сканчэння гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку. Цяпер палітыку пагражае новы турэмны тэрмін.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках