27 лiстапада 2024, Серада, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі Рэчыцы абвясцілі страйк

10
Прадпрымальнікі Рэчыцы абвясцілі страйк

На двух гарадскіх рынках - Цэнтральным і Славянскім - большасць гандлёвых пунктаў закрытая.

Такім чынам бізнэсоўцы пратэстуюць супраць Указа №222 аб абавязковай сэртыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці, паведамляе «Радыё Рацыя».

Са слоў рэчыцкага дэмакратычнага актывіста Валерыя Пуціцкага, з закрыццём рынкаў гараджанам будзе цяжка набываць неабходныя тавары, а бюджэт раёна недаатрымае шмат грошай.

- Згодна з Указам №222, забаронена распрадаваць рэшткі тавару, на якія адсутнічаюць суправаджальныя дакументы. А як можна людзям працаваць, калі няма дакументаў!? - пытаецца ён.

Разам з тым, як сцвярджаюць прадпрымальнікі, у РФ немагчыма атрымаць сэртыфікаты на прадукцыю лёгкай прамысловасці. Праз гэта ў Расеі адмаўляюцца працаваць з беларускімі прадпрымальнікамі. Пра гэта паведаміў прадстаўнік рады прадпрымальнікаў горада Рэчыца Алег Шабетнік. Са слоў бізнэсоўца, прычына адмовы - у неабходнасці падаваць сэртыфікаты для прадукцыі лёгкай прамысловасці.

- Атрымаць поўную дакументацыю ў Маскве немагчыма, бо Расея перанесла дзеянне тэхрэгламенту да 2017 года. І, фактычна, ім не патрэбныя сэртыфікаты, якія патрабуюць ад нас. Таму РФ пакуль не падае сэртыфікаты на прадукцыю лёгкай прамысловасці. На гандлёвых базах, дзе мы закупляемся, з нас смяюцца, выстаўляюць шыльды: «з беларусамі не працуем». У нас жа дзейнічае Указ №222, у якім напісана, што з 1 сакавіка мы абавязаны мець сэртыфікаты і суправаджальныя дакументы, - кажа ён.

Рэчыцкія прадпрымальнікі далучыліся да агульнабеларускай акцыі пратэсту супраць Указу №222 аб абавязковай сэртыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці. Прадпрымальнікі кажуць, што не выйдуць на працу да 6 сакавіка.

Нагадаем, нядаўна ў Беларусі прайшоў Форум прадпрымальнікаў, на якім улады паставілі крыж на надзеях прадпрымальнікаў развязаць канфлікт: з 1 сакавіка ў дзеянне ўваходзіць нашумелы Указ №222 і гандляваць без належных суправаджальных дакументаў будзе забаронена. У выпадку парушэнняў іпэшнікаў будуць штрафаваць на 9 мільёнаў, а тавар будзе канфіскоўвацца.

Цягам апошніх некалькіх месяцаў ішлі масавыя стыхійныя праверкі і канфіскацыі.

1 сакавіка прадпрымальнікі проста не выйшлі на працу. Так, у Менску і ў рэгіёнах пуставалі ўсе найбуйнейшыя рынкі. Палова ІП патлумачылі сваю адсутнасць «адпачынкам». Шматлікія «з'ехалі за таварам» ці адкрыта абвясцілі, што прыпыняюць працу да высвятлення ўсіх умоў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках