26 лiстапада 2024, aўторак, 17:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень Аліневіч трапіў у атрад былых пракурораў і суддзяў

6
Палітвязень Аліневіч трапіў у атрад былых пракурораў і суддзяў

Ранейшы атрад палітвязня ў калоніі расфарміравалі.

Палітвязень Ігар Аліневіч, які змяшчаецца ў віцебскай калоніі "Віцьба-3", нядаўна быў пераведзены ў другі атрад, у які раней трапілі некаторыя былыя начальнікі, міліцыянты, пракуроры і суддзі.

Паводле слоў Ігара Аліневіча, паводзяцца яны цяпер так, каб аб іх былым высокім статусе ніхто не падазраваў. Маці Ігара Аліневіча Валянціна пераказала ўражанні сына, якімі ён падзяліўся падчас апошняга кароткага спаткання, паведамляе «Радыё Свабода».

«Ранейшы яго атрад расфармавалі, бо цяпер з калоній пераводзяць у адно месца асуджаных за наркотыкі, і ў выніку яго атрад значна скараціўся. Распавёў, што трапіў у атрад так званых «былых». Там сядзяць тыя, хто займаў высокія пасады. На ўзроўні пракурораў, іх намеснікаў, высокапастаўленых міліцыянтаў і гэтак далей. Пэўных прозвішчаў ён не называў, але казаў, што глядзець на некаторых вельмі сумна, балюча і сорамна, таму што ўсю сваю пыхлівасьць яны там страцілі», - распавяла Валянціна Аліневіч.

Палітвязень атрымаў працу рознарабочым на дрэваапрацоўцы і заняты гэтай працай кожны дзень. Са словаў Валянціны Аліневіча, «у сына амаль не застаецца часу на кнігі і лісты, але ён не скардзіцца, не ягоны характар». Характэрна, што Валянціна Аліневіча так і не ведае, колькі грошай зарабляе яе сын на гэтай працы. Паводле словаў маці палітвязня, гэтая тэма падчас кароткіх сустрэч паміж імі не абмяркоўваецца. Але жанчына лічыць, што ў яе сына ёсць пэўныя праблемы з харчаваннем, бо перадаць яму харчовую перадачу пры сустрэчы зноў не дазволілі, а пратрымацца на той ежы, якую даюць у калоніі, вельмі цяжка.

«Тое, што ён палітвязень, адчуваецца ва ўсім. Не толькі ў тым, што абмяжоўваюць у перадачах, але і ў абмежаваннях на інфармацыю. Лісты ад яго ідуць вельмі доўга, 18-19 дзён, і не ўсе даходзяць. Тэлефонныя званкі - раз на 3 месяцы. Вось акурат учора далі патэлефанаваць, і добра, што мы былі дома, бо прапусцілі б званок. Спытаў, ці дайшлі яго паштоўкі з 8 сакавіка. У выніку падлічылі, што з 15 паштовак, якія адправіў, дайшлі толькі 3. Гэта значыць, нават тут робяць як мага горш для яго, каб і віншаванні ягоныя людзям не даходзілі», - распавяла Валянціна Аліневіч.

Нагадаем, 27 мая 2011 года суддзя Заводскага раёна Менска Жанна Хвайніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, а таксама падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках