26 лiстапада 2024, aўторак, 21:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

BBC: Лукашэнка зноў заблакаваў незалежныя сайты

2

Доступ да вядомага сайту "Хартыя'97" зноў заблакаваны цэлым шэрагам беларускіх інтэрнэт-правайдэраў.

Сайт "Беларускі партызан" застаецца заблакаваным з канца снежня, паведамляе BBC.

Знаёмы адрас "Хартыі" ў карыстальнікаў ператвараецца ў таблічку-паведамленне ад правайдэра ADSL (Белінфанэт): "Рэсурс charter97.org заблакаваны".

Зроблена гэта на падставе пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтра Рэспублікі Беларусь, паказваючы нумар дакумента і дату прыняцця пастановы - 19 лютага 2015 года.

Правайдэр не без гумару раіць далей: "купіце хостынг і зрабіце свой сайт", "можаце правесці час за праглядам онлайн-тэлевізіі".

Аператар са службы тэхпадтрымкі ўздыхае: "У паведамленні ж усё сказана. Гэта не нашая пастанова, мы выконваем указанне вышэйстаячых органаў".

Інтэрнэт-правайдэры IP Telcom, life і шэраг іншых таксама адсылаюць тых, хто наважыўся пачытаць "апазіцыйныя" навіны, да вялікага спісу афіцыйных дакументаў, дзе, у тым ліку, - параграфы і пункты з указа і дэкрэта Лукашэнкі.

Настойлівыя спробы патрапіць на заблакаваныя старонкі часам, зрэшты, спрацоўваюць.

Закон і практыка

Блакіроўка сайтаў у пазасудовым парадку і нават за аднаразовае парушэнне ўзаконеная папраўкамі ў "Закон аб СМІ", якія ўвайшлі ў дзеянне з 1 студзеня гэтага года.

Вызначае "вінаватых" міністэрства інфармацыі Беларусі. У канцы студзеня Мінінфарм паведаміла пра блакаванне двух сайтаў за выкарыстанне вульгарнай і табуяванай лексікі, "здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь"; у сярэдзіне сакавіка пад забарону трапілі яшчэ пяць рэсурсаў - у іх, як сцвярджалася, выяўленыя паведамленні і матэрыялы, якія спрыяюць незаконнаму абарачэнню наркотыкаў.

Заблакаваныя сайты не называліся, але кампутарныя спецыялісты тут жа даведаліся, што гаворка ідзе пра "сметнікі" - інтэрнэт-старонкі сумнеўнага паходжання, практычна не вядомыя неспрактыкаванаму інтэрнэт-карыстачу.

Паводле якіх канкрэтна прычын блакуецца сягоння папулярны апазіцыйны сайт грамадска-палітычнага зместу, афіцыйна не паведамляецца.

Інфармацыйна-аналітычныя "Хартыя97", "Беларускія навіны" і сайт агенцтва БелаПАН, сайт апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі, рэсурсы "Заўтра тваёй краіны" і "Беларускі партызан" ужо былі блакаваныя ў канцы снежня мінулага года, яшчэ да ўваходжання ў дзеянне паправак у Закон аб СМІ.

Блакаванне доўжылася некалькі сутак; "Беларускі партызан" на тэрыторыі Беларусі застаецца заблакаваным.

Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая запатрабавала ад праваахоўнікаў знайсці і пакараць паводле закону тых, хто чыніў перашкоды ў распаўсюдзе інфармацыі, адказныя ведамства паведамілі тады, што ініцыятараў блакавання не знайшлі.

Ці тое яшчэ будзе?

Дзяржаўнае рэгуляванне інтэрнэт-прасторы прыносіць карысць грамадзянам, і дзяржорганы маюць намер найбліжэйшым часам узмацніць адказнасць уладальнікаў сайтаў - у тым ліку за размешчаныя на іх каментары. Такую заяву зрабіла на днях міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч падчас прыёму грамадзян і наўпроставай тэлефоннай лініі ў горадзе Шчучыне.

Ва ўказ "Аб захадах ва ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт", са слоў міністра, рыхтуюцца папраўкі.

Аналітыкі ў Менску мяркуюць, што тэмпы "зачысткі" інтэрнэт-прасторы ўзрастуць з набліжэннем прызначаных на лістапад прэзідэнцкіх "выбараў" у Беларусі.

"Выглядае на тое, што рэсурсы, унесеныя ўладамі ў "чорны спіс" і ўжо два гады не даступныя карыстальнікам у дзяржустановах, установах адукацыі і на іншых кантраляваных працоўных кампутарах, становяцца недаступнымі і дома", - заўважае юрыст Андрэй Бастунец, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

"Мы вяртаемся да савецкіх кухонных пасядзелак – без "шкоднага" інтэрнэту, але з велізарнымі чуткамі ад суседзяў", - піша карыстальнік пад нікам lishny.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках