Актывісты АГП запрасілі менчукоў на Дзень Волі
3- 23.03.2015, 21:04
- 11,743
23 сакавіка актывісты АГП правялі інфармацыйную акцыю.
Яны раздалі жыхарам мікрараёна Вяснянка блізу тысячы лісткоў з запрашэннем на Дзень Волі, а таксама матэрыяламі, у якіх закранаецца пытанне аб патрэбе дэмакратычных перамен.
«Нам хацелася данесці да жыхароў горада вельмі простую думку, што «асаблівы шлях», якім нас 20 гадоў вядзе Лукашэнка - шлях у нявыкрутку. Эканамічны крызіс у краіне - яскравае таму пацверджанне, - паведаміў прэс-службе АГП адзін з удзельнікаў акцыі, намеснік старшыні Менскай гарадской арганізацыі АГП Мікалай Казлоў. - Наша мэта - сучасная еўрапейская дзяржава з развітай эканомікай. Мы хочам перамен! І першым крокам на шляху да перамен павінны стаць сапраўды свабодныя, сумленныя выбары».
Лідар АГП Анатоль Лябедзька і актывістка Вольга Маёрава правялі інфармацыйную акцыю ў Савецкім раёне сталіцы.
Адзначым, Менгарвыканкам дазволіў правядзенне акцыі з нагоды Дня Волі з 15 гадзін у працоўны дзень 25 сакавіка. Аб гэтым часе пачнецца збор удзельнікаў каля кінатэатра «Кастрычнік», адкуль яны шэсцем пройдуць да парку Дружбы народаў. Там з 17:00 дазволены мітынг.
Таксама падчас святкавання пройдзе збор подпісаў за тое, каб дата 25 сакавіка была прызнаная нацыянальным святам на афіцыйным узроўні.