Пачатак акцыі ў Дзень Волі - 25 сакавіка а 15.00
26- 20.03.2015, 15:31
- 58,524
Прэс-канферэнцыя арганізатараў акцыі ў Дзень Волі прайшла сёння ў Менску.
Сталічныя ўлады дазволілі пачаць шэсце 25 сакавіка а 15.00.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заклікаў усіх, хто зможа, і асабліва моладзь, узяць удзел у акцыі.
Марына Хоміч, прадстаўнік аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», заклікала ўдзельнікаў акцыі прыносіць нацыянальную сімволіку і ўкраінскія сцягі:
«Прыходзьце 25 сакавіка а 15:00 на дазволенае ўладамі месца збору - пляцоўку каля ўваходу ў кінатэатр «Кастрычнік» у Менску. Паводле афіцыйнага дазволу мы можам знаходзіцца на пляцоўцы каля кінатэатру «Кастрычнік» цягам гадзіны. Пастанова аб далейшым шэсці і мітынгу будзе прымацца на месцы ў залежнасці ад развіцця сітуацыі».
Са слоў актывісткі БХД, падчас мерапрыемства будзе праводзіцца збор подпісаў за тое, каб Дзень Волі стаў дзяржаўным святам.
«Калі атрымаецца даставіць гукаўзмацняльную апаратуру, то выступяць беларускія музыкі. Мы ў гэтым не ўпэўненыя, таму што цягам апошніх дзесяці гадоў зрабіць падобнае не атрымлівалася. Калі апаратуры не будзе, то акцыя завершыцца шэсцем да плошчы Бангалор», - сказала Марына Хоміч.
Збор удзельнікаў святкавання адбудзецца а 15.00 каля кінатэатра «Кастрычнік», затым плануецца шэсце да парку Дружбы народаў, мітынг з 17.00. Тэматыка мерапрыемства - незалежнасць, салідарнасць з Украінай, пратэст супраць антыдэмакратычнай палітыкі.
Прадстаўнікі апазіцыйных партый назвалі пастанову Мінгарвыканкама правакацыйнай, аднак заклікалі яе не парушаць.
Між тым, у Байнэце пачалі збіраць подпісы за аб'яву Дня Волі 25 сакавіка выходным днём. Падпісаць петыцыю можна на change.org.
«Мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, прапануем абвясціць 25 сакавіка, дату заснавання ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі, нацыянальным святам Рэспублікі Беларусь. Улічваючы гістарычную значнасць падзеі для беларускага народа і беларускай дзяржаўнасці, прапануем прызначыць 25 сакавіка выходным днём і адзначаць яго як нацыянальны Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь», - гаворыцца ў петыцыі.