Акцыю ў Дзень Волі дазволілі
32- 19.03.2015, 15:52
- 55,216
(абноўлена) Збор удзельнікаў акцыі - 25 сакавіка ў 15:00 ля «Кастрычніка».
Менскія гарадскія ўлады далі дазвол на правядзенне акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка. Але пры гэтым яны перанеслі час яе пачатку: збор удзельнікаў акцыі - а 15:00 каля кінатэатра «Кастрычнік», пачатак шэсця - а 16:00, заканчэнне мітынгу - а 18:00.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які падаваў заяўку на правядзенне мерапрыемства.
«Менгарвыканкам дазволіў правядзенне дэманстрацыі і мітынгу 25 сакавіка. Збор а 15.00 каля кінатэатра «Кастрычнік», шэсце да парку Дружбы народаў, мітынг з 17.00.
Прэс-канферэнцыя арганізатараў заўтра, 20 сакавіка, а 13.00 у офісе БНФ», - напісаў Янукевіч.
Як паведамілі charter97.org у прэс-службе аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя», падчас шэсця таксама нельга выкарыстоўваць «забароненыя лозунгі і незарэгістраваную сімволіку».
«Відавочна, што ўлады баяцца, што на акцыю прыйдзе вялікая колькасць людзей, бо ў будні дзень у такі час вельмі малая частка людзей зможа патрапіць з працы на шэсце», - адзначыла адзін з заяўнікаў акцыі, лідар Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марына Хоміч.
«Такі адказ - гэта фактычная забарона, бо 90% людзей не змогуць патрапіць на акцыю. Такі адказ - гэта страх перад усякімі масавымі акцыямі і парушэнне права на свабоду сходаў. Такая панічная рэакцыя звязаная з разгорнутай рэкламай акцыі ў сацсетках. Гэта пацвярджае, што заяўнікам тэлефанавалі ўлады, папярэджваючы, што рэклама акцыі ў сацсетках можа паўплываць на адказ», - заявіў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, Дзень Волі адбудзецца 25 сакавіка ў Менску. Паводле заяўкі, збор удзельнікаў акцыі планаваўся на 17:00 каля кінатэатра «Кастрычнік», на 18:00 - пачатак шэсця ў парк Дружбы народаў, дзе пройдзе мітынг і канцэрт беларускіх музыкаў пад лозунгам «Разам за мір і незалежнасць».