«Мірны план» Мэркель-Аланда: шырокая аўтаномія і дэмілітарызаваная зона
67- 7.02.2015, 21:34
- 143,480
СМІ даведаліся пра падрабязнасці плана, з якім лідэры Францыі і Нямеччыны прыехалі ў Маскву.
Ён мае на ўвазе стварэнне павялічанай дэмілітарызаванай зоны - шырынёй ад 50 да 70 кіламэтраў.
Такую інфармацыю распаўсюдзіла агенцтва Press Association са спасылкай на прэзідэнта Францыі, які выступаў у эфіры тэлеканала France 2.
Франсуа Аланд таксама заклікаў да «досыць шырокай» аўтаноміі для паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Украіны, паведамляе ТАСС. «Гэтыя людзі ваявалі. Складана будзе прымусіць іх весці звычайнае жыццё», - адзначыў французскі прэзідэнт.
Раней у суботу, 7 лютага, прэзідэнт Аланд заявіў, што калі падчас перамоў аб мірным урэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны не выпадзе дасягнуць трывалага пагаднення, то Данбас чакае вайна. Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка выказаў надзею на тое, што французска-нямецкі мірны план можа спрацаваць.
Перамовы Ангелы Мэркель, Франсуа Аланда і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў Маскве аб сітуацыі ва Украіне адбыліся 6 лютага. Падрабязнасці сустрэчы не выдавалася, аднак стораны назвалі сустрэчу канструктыўнай і змястоўнай. Чакаецца, што яе вынікі будуць падагульненыя 8 лютага падчас тэлефоннай размовы ў «нармандскім фармаце» (Расея, Украіна, Нямеччына, Францыя).
5 лютага Мэркель і Аланд пабывалі ў Кіеве, дзе абмеркавалі мірнае ўрэгуляванне з Пятром Парашэнкам. Аб выніках сустрэчы таксама не паведамлялася, аднак пазней у адміністрацыі Парашэнкі адзначылі, што ідэя федэралізацыі Украіны не абмяркоўвалася.