26 лiстапада 2024, aўторак, 19:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень Васьковіч упершыню за чатыры гады сустрэўся з маці

7
Палітвязень Васьковіч упершыню за чатыры гады сустрэўся з маці

За чатыры гады зняволення Яўгену Васьковічу ўпершыню дазволілі кароткатэрміновае спатканне.

Маці палітвязня Рушанія Васьковіч не хавае, што сын схуднеў. На спатканні шмат стараўся не есці. Палову прывезенага яна вымушаная была забраць назад з сабой. Пра гэта маці Яўгена Васьковіча распавяла «Радыё Свабода».

«Усім падзяку перадае. Чытае ён шмат. І газеты атрымлівае. І кніг у яго шмат, і яшчэ яму збіраемся высылаць. Таму там яму ёсць чым заняцца. Але, кажа, на працы вельмі стамляецца. Толькі вечар у яго вольны. Таму мала каму лісты піша. Матуля, - казаў мне, - не крыўдуйце, калі вам не адкажу».

У калоніі Яўген працуе ў швейным цэху.

«Ён шые там целагрэйкі. Можа, яго і раней выпусцяць за адсутнасць парушэнняў і выкананне плана. Ён імкнецца, каб так было», - распавяла яна.

На пытанне, ці прапаноўвалі яе сыну напісаць прашэнне аб памілаванні, Рушанія Іванаўна адказвае, што на гэтую тэму стараліся не гаварыць.

«Буду, казаў, старацца, каб выпусцілі за добрыя паводзіны. Я яму адказала - табе лепш відаць. Вызначай сам на месцы, ты ад нас адрэзаны», - кажа Рушанія Васьковіч.

Сустрэча адбылася ўпершыню за чатыры гады, але, зрэшты, не была занадта эмацыйнай. Імкнуліся адзін аднаго не хваляваць, адзначае маці палітвязня.

«Мы людзі такія ўстойлівыя, якія ўжо перажылі слёзы. Ён таксама ведае, што я імкнуся стрымліваць слёзы. Яму ж тады будзе сумна і балюча. У красавіку я да яго паеду на кароткае спатканне з перадачай. Цяпер я яму нямерана прывезла. Думала, што ўсё з'есць», - распавяла яна.

Журналіст, сябра ГА БАЖ Яўген Васьковіч, які з'яўляецца таксама актывістам аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», быў узяты пад варту 17 студзеня 2011. 18 траўня 2011 ён быў асуджаны за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 года будынка Бабруйскага КДБ - паводле ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства) і ч.3 арт.218 КК (пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры) - да 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пастановай суда ад 12 кастрычніка 2011 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, Васьковіч быў пераведзены з калоніі №15 у Магілёве ў турму №4 г. Магілёва. 12 кастрычніка 2014 года яго зноў вярнулі ў калонію №15 у Магілёве.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках