Сяргей Скрабец: У выпадку адмовы ў рэгістрацыі Статкевіча абвесцім байкот выбараў
56- 3.02.2015, 19:39
- 42,432
Пакуль у Беларусі ёсць палітвязні, удзел у выбарах немагчымы.
Паплечнікі палітвязня Мікалая Статкевіча з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) ствараюць ініцыятыўную групу для вылучэння свайго лідара кандыдатам у прэзідэнты краіны. У групу ўвойдуць не толькі чальцы партыі, але і прадстаўнікі іншых партый і грамадскіх аб'яднанняў.
Пра гэта "Радыё Свабода" паведаміў кіраўнік справамі дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Сяргей Скрабец.
Ён сказаў, што заканчваюцца перамовы аб супольнай працы з грамадзянскай кампаніяй "Гавары праўду!", незарэгістраванымі партыямі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Партыя свабоды і прагрэсу, рухам "Разам", "Маладым фронтам" і некаторымі іншымі арганізацыямі. Засталося толькі падпісаць пагадненне, праект якога збольшага гатовы, адзначыў Сяргей Скрабец:
"Першае - ствараем ініцыятыўную групу для вылучэння Статкевіча. Другое - збор подпісаў ідзе пад лозунгам: "Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, патрабуем вызвалення палітычных зняволеных Статкевіча, Аліневіча, Дзядка, Васьковіча, Пракапенкі, Рубцова і далучаемся да ініцыятыўнай групы для вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь". Трэцяе - стварэнне ініцыятыўнай групы суправаджаецца шырокай грамадскай кампаніяй "Свабоду Статкевічу і ўсім палітвязням". І самы галоўны, як мне здаецца, пункт: у выпадку адмовы ў рэгістрацыі Статкевіча - абвяшчаем байкот выбараў".
Нагадаем, збор подпісаў у падтрымку ініцыятыўнай групы Статкевіча ўжо пачала Аб'яднаная грамадзянская партыя.