«Падатак на дармаедства» кампенсуюць хатнія гаспадыні?
187- 3.02.2015, 9:27
- 132,003
Іх у Беларусі блізу 123 тысяч.
Калі кожная заплаціць па 20 базавых, як раз атрымаюцца 400-450 мільярдаў рублёў, якія і запланавана сабраць.
Новы дэкрэт дыктатара пра стымуляванне занятасці насельніцтва, які абкладае падаткам "дармаедаў", ужо двойчы пабываў на стале ў яго, але быў адпраўлены на дапрацоўку. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка паведаміў падчас прэс-канферэнцыі 29 студзеня. Ужо цягам бліжэйшага месяца дакумент павінен атрымаць канчатковую форму, піша "Еўрарадыё".
Пакуль вядома, што падатак на дармаедства будзе выглядаць як збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй (фінансавае забеспячэнне войска, дарог, аховы здароўя і г.д.). Складаць ён будзе 20 базавых велічынь у год.
Журналісты сабралі выказванні чыноўнікаў у дачыненні да новага закона і паспрабавала намаляваць агульны партрэт будучага дармаеда.
Са слоў міністаркі працы Марыяны Шчоткінай, на сёння ў Беларусі блілзу 50 тысяч чалавек не жадаюць працаваць наогул. Блізу 200 тысяч хочуць знайсці працу, але не ўладкоўваюцца на працу цягам шасці месяцаў. Фактычна гэтыя людзі сядзяць на шыі ў іншых грамадзян, якія плацяць падаткі і такім чынам удзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў.
"З аднаго боку, гэта асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, а з другога - свайго роду сацыяльныя ўтрыманцы, асобы, якія займаюцца нелегальным бізнэсам, атрымліваюць заробак ў канвертах і не цалкам выплачваюць падаткі", - заяўляе ў сярэдзіне студзеня міністр падаткаў і збораў Сяргей Налівайка.
Крыху раней намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко адзначыў, што "асобы, якія не маюць падатковага пастаяннага месцазнаходжання ў Беларусі (гэта значыць знаходзяцца менш 183 каляндарных дзён у годзе на тэрыторыі краіны), не будуць абавязаныя выплачваць гэты падатак".
Такім чынам, падатак на дармаедства, хутчэй за ўсё, не закране, напрыклад, тых, хто працуе або проста часова жыве за межамі Беларусі. Таксама ад выплаты будуць вызваленыя шматдзетныя сем'і і сем'і з маленькімі дзецьмі, але тут пакуль не ўсё дакладна вядома.
"Ніякіх лішніх ільгот не будзе. Мы пастараемся пасярэдзіне прайсціся, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка ў час прэс-канферэнцыі. - Інваліды і іншыя сваё атрымаюць, мы іх будзем падтрымліваць. Але той, хто павінен працаваць, той будзе працаваць. І сядзець з дзіцем да 14 і нават да 7 гадоў, гэтага таксама не будзе. у большасці так: нават да трох гадоў не дацягнулі, а дзіцяці ўжо аддалі ў садок на плечы дзяржаве, а самі сядзяць, адпачываюць".
Гэта значыць афіцыйны дэкрэтны адпачынак ўсё ж ўратуе ад гучнага імя "дармаед", але пасля трэцяга года па нараджэнні вашага дзіцяці варта задумацца. Хатнія гаспадыні, хутчэй за ўсё, ільгот не атрымаюць.
"Калі муж добра зарабляе і можа сабе дазволіць, каб жонка не працавала, і яны прынялі такую пастанову, то 20 базавых - не вялікая сума, яе можна і аплаціць", - адзначае міністарка працы Мар'яна Шчоткіна.
Між іншым, хатніх гаспадынь, са слоў міністаркі працы, у краіне 123 тысячы. Раней паведамлялася, што з дапамогай "падатку на дармаедства" плануецца прыцягнуць у бюджэт краіны дадатковых 400-450 мільярдаў рублёў у год. Далей пачынаецца простая арыфметыка! Калі толькі 123 тысячы хатніх гаспадынь заплацяць па 20 базавых велічынь (на сёння гэта 3 мільёны 600 тысяч рублёў). Атрымліваецца 442 мільярды 800 мільёнаў! Дык можа, першапачаткова і планавалася зняць дадатковыя грошы з мужа і жонкі, якія "добра зарабляюць і могуць сабе дазволіць, каб жонка не працавала"?