Дзяніс Садоўскі: Без вызвалення палітвязняў удзельнічаць у «выбарах» няправільна
5- 16.02.2015, 19:00
- 10,200
Нельга забываць заявы і дэкларацыі, якія дэмакратычныя сілы падпісвалі ў 2011-12 гадах.
Такое меркаванне выказаў адказны сакратар аргкамітэта для стварэння партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Дзяніс Садоўскі, каментуючы сайту charter97.org ініцыятыву аб вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты.
«Па-першае, безумоўна, ставіць на першы план сітуацыю з палітвязнямі - гэта абсалютна правільны крок. І не трэба забываць заявы і дэкларацыі, якія дэмакратычныя сілы падпісвалі ў 2011-12 гадах, і ў якіх гаварылася пра немагчымасць удзелу ў выбарах без вызвалення палітычных зняволеных. На гэты момант сітуацыя не змянілася. Палітвязняў стала менш, але не з «ласкі ўладаў», а таму што скончыліся тэрміны. Частка людзей адседзела свае тэрміны ад пачатку да канчатку, але палітвязні застаюцца і цяпер. І без іх вызвалення праводзіць паўнавартасную кампанію, безумоўна, будзе няправільным. Таму, я ўважаю за правільную ініцыятыву вылучэння Мікалая Статкевіча кандыдатам. Наколькі магчыма, каб ён быў адзіным - гэта пытанне. Наўрад ці частка апазіцыі на гэта пагодзіцца з розных прычын, пра якія можна толькі здагадвацца. Вылучэнне правільнае, але ў тым, што Статкевіч стане адзіным кандыдатам, і з гэтым пагодзяцца ўсе без агаворак і дублёраў - я вельмі сумняваюся і думаю, што частка апазіцыі ў кожным выпадку будзе вылучаць сваіх кандыдатаў», - пракаментаваў палітык.
Таксама палітык мяркуе, што варта праводзіць кампанію для мабілізацыі людзей.
«Адназначна трэба праводзіць актыўную кампанію для мабілізацыі людзей. Як гэта больш эфектыўна правесці - гэта пытанне тактыкі. Тут галоўнае вызначыць, якую мэту мы ставім: максімальную мабілізацыю людзей на абарону сапраўдных вынікаў выбараў і нязгоду з імі ці проста самапіяр і падрыхтоўку да будучых парламенцкіх «выбараў», або чагосьці яшчэ. Я, вядома, мяркую, што трэба ставіць мэтай максімальную мабілізацыю людзей з мэтай нязгоды і абароны сапраўдных вынікаў выбараў. І вылучэнне Мікалая Статкевіча, як кандыдата, у гэтым плане можа скласціся ў адную стратэгію», - дадаў ён.