Прадпрымальнікі пагражаюць байкотам указу Лукашэнкі
12- 16.02.2015, 9:15
- 39,706
Баранавіцкія прадпрымальнікі рыхтуюцца да байкоту ўказа №222, які прывядзе да ліквідацыі малога бізнэсу ў краіне.
У нядзелю, як паведамляе сайт ПЦ «Вясна» на Цэнтральным рынку ў Баранавічах на вуліцы Чарнышэўскага з'явіўся вялікі плакат: «А ты далучыўся да байкоту ўказа прэзідэнта №222 з 1 сакавіка 2015?»
Індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Чарнавус адзначыў, што з 1 сакавіка праца прадстаўнікоў малога бізнэсу стане немагчымай ў сувязі з тым, што прадпрымальнікі праз аб'ектыўныя прычыны не могуць падаць сёння дакументы на набытую прадукцыю, а таксама сертыфікаты на гандлёвы тавар. У сувязі з гэтым дзяржаўныя чыноўнікі з 1 сакавіка атрымаюць неабмежаваныя правы на канфіскацыю тавару ў прадпрымальнікаў як на працоўным месцы, так і на складах.
- Прыйшоў такі час, што прадпрымальнікі могуць страціць усё нажытае за 20 гадоў. Калісьці раскулачылі нашых дзядоў, цяпер хочуць адабраць маёмасць у прадпрымальнікаў. Вось такія наступілі часы. Таму мы хочам абараняць сябе і свой бізнэс, - паведаміў Мікалай Чарнавус.
Плакат з заклікам да байкоту ўказа прэзідэнта №222 правісеў нядоўга. А 9.30 раніцы дырэктар Баранавіцкага каапрынку Аляксандр Дайн сарваў яго, пагражаючы Мікалаю Чарнавусу «разабрацца з ягонай пісанінай».