МЗС Латвіі: Пакуль Статкевіч у турме, пазіцыя ЕЗ не зменіцца
1- 11.02.2015, 11:58
- 10,091
Лукашэнка павінен вызваліць палітвязняў.
Пра гэта «Еўрарадыё» заявіў пасол у асобых даручэннях Усходняга партнёрства МЗС Латвіі Юрыс Пойканс.
- Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што нашая краіна будзе намагаць, каб беларускую дэлегацыю на травеньскім саміце Усходняга партнёрства ў Рызе ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка. Наколькі такое магчыма?
- Прэзідэнт Лукашэнка ніколі ня браў удзелу ў самітах Усходняга партнёрства. Мы хочам развіваць стасункі з усімі краінамі Ўсходняга партнёрства, і вы ведаеце, што ў Латвіі з Беларуссю вельмі добрыя стасункі. У нас і гістарычныя сувязі, і вельмі шмат эканамічных кантактаў. Мы зацікаўленыя ва ўмацаванні дачыненняў паміж Беларуссю і Еўразвязам. Але ў нас існуе рознае разуменне пытання правоў чалавека. І магчымае запрашэнне спадара прэзідэнта на саміт залежыць ад пытання правоў чалавека і перш за ўсё - палітвязняў. Без развязання гэтага пытання складана будзе дасягнуць большага прагрэсу. Але мы будзем працаваць з беларускім бокам. Нашы службовыя асобы бываюць у Менску дастаткова часта. Мы стараемся паведаміць беларускаму ўраду, што гэта вельмі важнае пытанне для Еўразвязу. Але сёння меркаваць наконт магчымага запрашэння не хацелася б.
- Падчас гутарак з рознымі еўрачыноўнікамі часта чуў фразу пра тое, што пасля перамоў у Менску аб Украіне на Лукашэнку ў Еўропе пачалі па-іншаму глядзець...
- Беларусь адыграла вельмі пазітыўную ролю што да ўкраінскай праблематыкі. А на фоне перамоў кіраўнікоў краін у Менску відавочна, што Беларусь становіцца важнай пляцоўкай. І гэта дасягненне, гэта сапраўды вельмі пазітыўна ацэньваецца. Аднак, усё, што тычыцца больш шчыльнага супрацоўніцтва, гэта залежыць не толькі ад канструктыўнага падыходу Беларусі наконт украінскай праблематыкі, але і захавання правоў чалавека. Гэта з'яўляецца вельмі важнай часткай дыялогу паміж Беларуссю і Еўразвязам. Ёсць пэўныя зрухі, але іх трэба ўмацоўваць прагрэс і ў іншых сферах.
- Сітуацыя: Макей намагае на прысутнасці Лукашэнкі ў Рызе на саміце, але палітвязні па-ранейшаму за кратамі - як быць?
- Да саміту два з паловай месяцы, і цяжка сказаць, дзе мы будзем 21 траўня. Але ў Еўразвязу ёсць дакладнае разуменне статусу тых зняволеных. Асабліва Статкевіча, былога кандыдата ў прэзідэнты. У беларускага боку меркаванне, што гэта злачынцы, а ў еўрапейскай боку меркаванне на гэты конт іншае. Але калі ёсць два меркаванні, то трэба прыходзіць да нейкага агульнага назоўніка. Я не думаю, што пазіцыя Еўразвязу да таго часу, пакуль спадар Статкевіч у турме, асабліва зменіцца.
- Наколькі магчымае падпісанне падчас Рыжскага саміту пагаднення паміж ЕЗ і Беларуссю аб патанненні віз?
- Перамовы ідуць нядрэнна, але гэта вельмі тэхнічны і бюракратычны працэс. Гарантаваць, што на саміце мы падпішам гэтае пагадненне, як мне здаецца, пакуль заўчасна. Але я думаю, што калі мы не падпішам яго на Рыжскім саміце, то зробім гэта ў другой палове 2015 года. Мы зацікаўленыя ў такім пагадненні з Беларуссю. Гэта і для грамадзян Беларусі добра: кошт візы падае з 60 да 35 еўра. Гэта павялічыць і колькасць ахвотных паехаць за мяжу. У нас, шчыра кажучы, выдача віз вельмі вялікая, але думаю, што гэта пагадненне адпавядае інтарэсам і нашым, і вашым.
- Якія перспектывы ва Усходняга партнёрства?
- Мы разумеем, што мы маем шэсць розных краін. Ва Украіны, Малдовы і Грузіі трохі іншы падыход да Еўразвязу, але трэба знаходзіць пункты судакранання з усімі шасцю краінамі. Пакідаючы існую адзіную платформу, мы павінны супрацоўнічаць з краінамі, зыходзячы з іх інтарэсаў і інтарэсаў Еўразвязу. Мы гатовыя пайсці з той жа Беларуссю так далёка, як захоча беларускі ўрад і народ Беларусі. У самім ЕЗ розныя погляды на Ўсходняе партнёрства - гэта мы добра бачым на прыкладзе ўкраінскага крызісу. Думаю, што перспектывы нядрэнныя, калі нам удасца знайсці кампраміс паміж інтарэсамі краін Усходняга партнёрства і Еўрапейскага звязу.
- Выходзіць, што беларускі бок найперш цікавіць фінансавы аспект супрацоўніцтва...
- Не толькі. Мяркую, што беларускай эканоміцы патрэбная мадэрнізацыя. У Беларусі тры суседы - краіны Еўрапейскага звязу. У нас стасункі з Беларуссю вельмі добрыя, і я запэўніваю, што Еўразвяз можа многае прапанаваць. Гэта не толькі грошы, але і мадэрнізацыя, і перадача досведу, транспамежнае супрацоўніцтва, навакольнае асяроддзе.
- Асабіста вы верыце ў шчырасць беларускага кіраўніцтва, калі яно кажа аб імкненні да паляпшэння стасункаў з Захадам?
- Еўразвяз хоча супрацоўніцтва з Беларуссю. І латвійскае старшынства прыкладае шмат намаганняў для таго, каб рассячы вузел узаемнага неразумення. А яно ёсць у пэўных момантах паміж Беларуссю і Еўразвязам. З нашага боку праблем не будзе. А вось як спадар Лукашэнка будзе наладжваць стасункі з Еўразвязам, будзем глядзець. За 20 гадоў у нас былі і пад'ёмы, і падзенні, і мне хацелася б бачыць калі не вялікі, то хаця б маленькі ўздым нармалізацыі нашых узаемадачыненняў. Мы ў гэтым зацікаўленыя.