Паркоўка аўто ў цэнтры Менска абмежаваная
- 11.02.2015, 9:42
- 10,196
У сувязі з прыбыццём у Менск шматлікіх дэлегацый у рамках сустрэчы аб Украіне рух транспарту на шэрагу вуліц, хутчэй за ўсё, будзе зменены.
І калі абмежаванні падчас руху аўтамабільных картэжаў будуць насіць аператыўны характар, то ў самым цэнтры Менска на некаторых участках ставіць аўтамабілі нельга на працягу ўсяго дня, піша «Інтэрфакс».
Прынамсі, як інфармуе ДАІ, да 19.00 у сераду, 11 лютага, забароненая стаянка аўтатранспарту:
- Па вуліцы Рэвалюцыйнай (ад вуліцы Леніна да вуліцы Камсамольскай);
- Па вуліцы Камуністычнай (ад вуліцы Максіма Багдановіча да вуліцы Старавіленскай);
- Па вуліцы Інтэрнацыянальнай (ад вуліцы Леніна да вуліцы Энгельса).
Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе кіроўцам улічваць гэтую інфармацыю пры выбары месца для прыпынку і стаянкі.
Што тычыцца самой сустрэчы ў «нармандскім фармаце», то яна прадугледжвае ўдзел прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда. Мерапрыемства пройдзе ў Палацы Незалежнасці ў другой палове дня 11 лютага.