Кучма: У Менску Украіне пагражалі поўнамаштабнай вайной
52- 1.02.2015, 15:06
- 69,473
Прадстаўнікі баевікоў пагражалі ўкраінскай старане аднаўленнем поўнамаштабных баявых дзеянняў па ўсёй лініі судакранання старон.
Пра гэта заявіў агенцтву "Інтэрфакс-Украіна" другі прэзідэнт Украіны, чалец трохбаковай кантактнай групы ва ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе Леанід Кучма.
"Яны патрабавалі выдання ўказа прэзідэнтам Украіны аб аднабаковым спыненні агню і пагражалі ў выпадку невыканання гэтага ультыматуму аднаўленнем поўнамаштабных баёў па ўсёй лініі фронту", - паведаміў ён.
Пры гэтым, сказаў Леанід Кучма, прадстаўнікі "ДНР" Дзяніс Пушылін і "ЛНР" Уладзіслаў Дэйнэга настойвалі на вызначэнні лініі судакранання паводле стану на 31 студзеня, а не той, якая была зафіксаваная ў Менскіх пагадненнях ад 19 верасня 2014 года. "У адказ на пытанне, якія могуць быць гарантыі таго, што ў будучыні яны не вызначаць якую-небудзь іншую лінію, яны прамаўчалі", - сказаў Кучма.
Ён таксама паведаміў, што прадстаўнікі сепаратыстаў не былі азнаёмленыя з прапанаваным украінскай стараной планам дзеянняў рэалізацыі Менскага мемарандума. "Мы адправілі гэты план усім бакам загадзя, але з нейкіх прычын яго гэтым прадстаўнікам не паказалі", - сказаў Кучма.
На ягоную думку, такая пазіцыя прадстаўнікоў "ДНР" і "ЛНР" супярэчыць, у тым ліку, і заяўленай пазіцыі Расеі, паколькі ў суботу, 31 студзеня, падчас тэлефоннай размовы з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін выказаў надзею на дасягненне дамоўленасцяў у Менску. "Менавіта таму мы ў цяперашні час чакаем рэакцыі Расеі", - адзначыў Кучма.
30 студзеня намесніца міністра замежных спраў у пытаннях еўрапейскай інтэграцыі Украіны Алена Зеркаль заявіла, што падрыхтаваны новы дакумент, які будзе тычыцца выканання Менскіх дамоўленасцей, прынамсі, адводу вайсковай тэхнікі і ўзбраенняў. Спікер МЗС Украіны Яўген Перабійніс заявіў, што Украіна гатовая праводзіць сустрэчу ў Менску толькі з падпісантамі Менскага пратаколу і мемарандума.
Раней другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, які прадстаўляе на перамовах украінскую старану, заяўляў, што адмаўляецца сустракацца з Пушыліным і Дэйнэгам. З ягоных слоў, сустрэча кантактнай групы ва ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе магчымая толькі пры ўдзеле лідараў баевікоў Аляксандра Захарчанкі і Ігара Платніцкага, якія падпісалі ў верасні 2014 Менскія пагадненні.