Дэвальвацыя беларускага рубля прывядзе да рэзкага росту коштаў
16- 9.01.2015, 7:51
- 54,850
Кошты на імпартныя тавары вырастуць на 25%.
Такі прагноз БелаПАН выказаў навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Зміцер Крук.
З ягоных ацэнак, пры 30-адсоткавай дэвальвацыі беларускага рубля кошты на імпартныя тавары могуць вырасці на 25-26%. Агулам жа, мяркуе эканаміст, варта чакаць 15-адсоткавага павышэння коштаў на спажывецкія тавары праз «рэальную фінансавую далярызацыю».
«Пры адсутнасці далярызацыі дэвальвацыя прыводзіць да росту коштаў толькі за кошт імпартных тавараў. У нас жа кошты на многія ўнутраныя тавары без імпартным складнікаў альбо з яе малой часткай фармуюцца ў далярах. Адпаведна, попыт на іх арыентуецца на даляравы кошт. Гэта прыводзіць да таго, што прапарцыйна імпартным таварам, але з меншымі тэмпамі таксама пачынаюць павышацца кошты на айчынныя тавары», - адзначыў Крук.
9 студзеня, паводле пастановы Нацыянальнага банка, скасоўваюцца камісійны зборы на куплю валюты для насельніцтва. 8 студзеня, паводле пастановы ўрада, абнулены 30-адсоткавы падатак на куплю валюты для прадпрыемстваў.
Паводле вынікаў таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы 8 студзеня курс даляра вырас да 13,760 рублёў. З 19 снежня, калі быў уведзены збор на куплю валюты для насельніцтва і бізнэсу, афіцыйны курс даляра павялічыўся на 26%.