26 лiстапада 2024, aўторак, 11:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Свабоднае слова забіваюць па-рознаму

1

Беларускія праваабаронцы ўшанавалі памяць забітых ва ўчорашнім тэракце ў Парыжы.

8 студзеня кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі разам з калегамі прыйшоў да амбасады Францыі ў Менску, каб ускласці кветкі і запаліць свечку ў памяць аб ахвярах тэракту ў рэдакцыі сатырычнага часопіса Charlie Hebdo, які напярэдадні адбыўся ў Парыжы.

Выказваючы спачуванні Парыжу, як і ўсёй Францыі, дзе сённяшні дзень абвешчаны нацыянальным днём жалобы, праваабаронца падкрэсліў, што гэты горад не чужы для «Вясны».

«Для нас гэта вялікі ўдар яшчэ і таму, што мы з'яўляемся чальцамі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, штаб-кватэра якой знаходзіцца як раз у 11-й акрузе Парыжа, дзе адбыўся гэты тэракт. І Парыж з'яўляецца сэрцам самой ідэі правоў чалавека, там у 1948 годзе прымалася Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека», - заявіў праваабаронца.

У 11-й акрузе французскай сталіцы, з пастановы акруговай мэрыі, амаль два гады вісеў партрэт Алеся Бяляцкага - як праява салідарнасці Парыжа з беларускім палітвязням. І менавіта з ініцыятывы мэрыі 11-й акругі праваабаронца стаў ганаровым грамадзянінам Парыжа, піша ПЦ «Вясна».

«Нездарма рэдакцыя часопіса Charlie Hebdo, які заўсёды вылучаўся сваім нонканфармізмам, знаходзілася там - гэта свабодная тэрыторыя, дзе свабоднае слова адчувала сябе вольна. Гэта выданне ў чымсьці нагадвае мне нашы «Навінкі» (беларуская незалежная палітыка-сатырычная газета, якая выдавалася ў канцы 1990-х - пачатку 2000-х гадоў). Яны ўмелі паглядзець на праблему з іншага, нечаканага ракурсу, з доляй гумару падысці да сур'ёзных рэчаў», - адзначае Бяляцкі.

Тэракт у рэдакцыі Charlie Hebdo французы ўжо назвалі «самым абуральным у краіне замахам на свабоду слова цягам апошняга паўстагоддзя» і шматтысячнай маніфестацыяй выйшлі на плошчу Рэспублікі - у знак салідарнасці з супрацоўнікамі часопіса і ў абарону свабоды слова і прэсы.

«Ідэі дэмакратыі, правоў і свабод чалавека неад'емныя ад парыжан. Таму яны і надаюць вялікую ўвагу правам чалавека ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі», - адзначае Алесь Бяляцкі.

Трагічнае здарэнне ў рэдакцыі Charlie Hebdo кіраўнік «Вясны» і віцэ-прэзідэнт FIDH назваў спробай забіць свабоду слова, падкрэсліўшы, што са свабодай слова змагаюцца рознымі спосабамі.

«Спробы абмежаваць свабоду слова розным чынам, пачынаючы ад забойства журналістаў і заканчваючы антыдэмакратычнымі законамі, абмежаваннямі інтэрнэту, судовым пераследам незалежных журналістаў, - гэта тое, супраць чаго павінна актыўна змагацца ўсё грамадства, як у Францыі, так і ў Беларусі», - кажа ён .

Нагадаем, раніцай 7 студзеня трое баевікоў у масках учынілі напад на офіс рэдакцыі часопіса Charlie Hebdo, расстраляўшы з аўтаматаў 12 чалавек - дзесяць журналістаў і двое паліцэйскіх, якія ахоўвалі будынак. Яшчэ 11 чалавек атрымалі раненні. Сярод загінулых - чацвёра вядомых французскіх карыкатурыстаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках