Барыс Жаліба: Беларускі рубель павінен дэвальвавацца хутчэй за расейскі
21- 28.01.2015, 14:29
- 39,166
Калі гэтага не адбудзецца, беларускі экспарт у РФ чакаюць праблемы.
Эканаміст Барыс Жаліба распавёў «Салідарнасці», як можна дасягнуць раўнаважнасці прапорцыі беларускай і расейскай валют, і што гэтаму перашкаджае.
У аўторак, 27 студзеня прадстаўнік беларускага філіяла аднаго з буйных расейскіх банкаў зрабіў прагноз: беларускі рубель будзе аслабляцца датуль, пакуль не дасягне такой жа прапорцыі з расейскім рублём, якая існавала да дэвальвацыі нацыянальных валют у Беларусі і РФ.
Доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба падкрэсліў, што раўнаважная прапорцыя беларускай і расейскай валют патрэбная для падтрымання нашага экспарту ў Расею. «Для гэтага беларускі рубель павінен дэвальвавацца хутчэй, чым расейскі», - патлумачыў экспэрт.
На думку эканаміста не абавязкова імкнуцца да вяртання ранейшага курсу ў 290 беларускіх рублёў за расейскі рубель. «Раўнаважны курс будзе дасягнуты, калі на гандлёвых сесіях на біржы не спатрэбіцца больш умяшанне Нацбанка, і курс будзе фармавацца на аснове прапорцыі попыту і прапановы. Пакуль што попыт перасягае прапанову ў паўтара, а то і ў два разы», - сказаў ён.
На думку эканаміста, уплывае на прапорцыю попыту і прапановы шэраг унутраных і замежных фактараў. «Якім будзе наш экспарт, якой будзе эмісія рубля, як хутка дасягне дна кошт нафты, калі скончыцца расейска-ўкраінскі канфлікт і, адпаведна, ці будуць паслабленыя або знятыя санкцыі з Расеі», - мяркуе эканаміст.
Барыс Жаліба мяркуе, што для дасягнення раўнаважнай прапорцыі валют эканамічныя ўлады павінны павялічыць аб'ёмы экспарту, адначасова расшырыўшы яго кірункі, не абмяжоўваючыся расейскім рынкам. «Калі казаць пра экспарт на Захад, то трэба падумаць, што мы можа прадаваць туды, акрамя нафтапрадуктаў і калійнай солі», - адзначыў ён.
Эканаміст мяркуе, што ўлады павінны змяніць эмісійную палітыку, адмовіўшыся ад нярынкавых метадаў - выдачы субсідый прадпрыемствам, забеспячэння іх ільготнымі крэдытамі. «Усё гэта трэба рабіць, але пакуль што ва ўладаў дрэнна атрымліваецца. Думаю, што неўзабаве нас чакае сустрэча Лукашэнкі з Пуціным, на якой будзе агучанае пытанне аб чарговым расейскім крэдыце для Беларусі», - падкрэсліў эканаміст.
Фота: РІА «Новости»