Юры Рубцоў: Іншых асуджаных настройваюць супраць мяне
25- 10.01.2015, 20:12
- 23,226
Адміністрацыя спецкамендатуры №7, дзе адбывае пакаранне палітвязень, спрабуе настроіць асуджаных супраць яго.
Пра гэта паведаміў у тэлефоннай размове з праваабаронцамі «Вясны» сам Юры Рубцоў.
Паводле слоў Рубцова, з гэтай мэтай узмацніўся ціск на іншых зняволеных. Так, больш уважліва сталі праводзіць асабісты дагляд, часцей закрываць у «ленінскіх пакоях» [памяшканне для правядзення агульных мерапрыемстваў, дзе звычайна размяшчаюцца сталы, паліцы для кніг, тэлевізар - рэд.], піша ПЦ «Вясна».
Таксама Юры распавёў, што яму была прапанаваная праца кіроўцы ў Пружанах, але зарплата настолькі маленькая, што ён на яе не пагадзіўся. Як раней заяўляў Рубцоў, ён хоча атрымліваць не менш, чым сярэднюю па краіне - 600 даляраў. Гэты факт начальнік спецкамендатуры аформіў як адмову ад працы наогул, аднак, як сцвярджае асуджаны, ён адмовіўся толькі ад гэтай канкрэтнай прапановы.
Ніякіх іншых нараканняў падчас размовы Рубцоў не выказаў, голас яго быў даволі спакойны.
Нагадаем, 22 снежня актывіст з Гомеля Юры Рубцоў, асуджаны за абразу суддзі суда Савецкага раёна Менска Кірыла Палулеха, пачаў адбываць 1,5 гады "хіміі" ў спецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна.