26 лiстапада 2024, aўторак, 23:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязню Ігару Аліневічу - 31

13
Палітвязню Ігару Аліневічу - 31

Чацвёрты дзень нараджэння Ігар Аліневіч сустракае за кратамі.

Цяпер ён адбывае пакаранне ў калоніі «Віцьба-3» Віцебскай вобласці.

Ігар Аліневіч нарадзіўся 24 верасня 1983 года. Пасля сярэдняй школы скончыў Універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі паводле спецыяльнасці інжынер-электроншчык. Удзельнічаў у працы над расейска-беларускім спадарожнікам. Падчас вучобы зрабіў перапынак на год, каб папрацаваць на круізным лайнеры ў Карыбскім моры, што дапамагло ўбачыць іншыя краіны і ўдасканаліць веды ў замежных мовах. Са школьных гадоў цікавіўся гісторыяй, асабліва анархісцкага руху, чытаў працы і вывучаў жыццё ягоных заснавальнікаў, тэарэтыкаў і практыкаў: Бакуніна, Крапоткіна, Нестара Махно і іншых. Знаёмыя Ігара называюць яго інтэлектуалам і надзвычай цікавым чалавекам. Сам ён заявіў на судзе, што не адмаўляецца ад сваіх поглядаў, піша сайт palitviazni.info.

Затрыманы сілавікамі ў цывільным 28 лістапада ў 2010 года ў Маскве, вывезены імі ў невядомым кірунку, і толькі праз дзень стала вядома пра ягонае знаходжанне ў СІЗА КДБ у Менску.

27 траўня 2011 года суд Заводскага раёна Менска прысудзіў Ігара да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яму было прад'яўленае абвінавачванне паводле часткі 2 артыкула 339 КК РБ (хуліганства, здзейсненае групай асоб) і частак 2 і 3 артыкула 218 КК (пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйнай суме).

Першапачаткова яго абвінавачвалі ў злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК) па эпізодах нападу на расейскую амбасаду ў ноч з 30 на 31 жніўня 2010 года, а таксама за ўдзел у акцыі каля Генштаба Узброеных сіл Беларусі 19 верасня 2009 года. Затым абвінавачанне было пашырана: акрамя эпізоду па Генштабе, Аліневічу інкрымінавалі нападу на казіно «Шангры Ла», на офіс банка «Масква-Менск» 31 траўня 2010 года, на расейскае пасольства 30 жніўня 2010 і на Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна 6 верасня 2010 г.

Праваабарончыя арганізацыі адзначаюць, што суд над Ігарам Аліневічам і іншымі фігурантамі справы адбываўся з шэрагам парушэнняў, і таму зняволеных паводле гэтай справе нельга ўважаць за законна асуджаных. Так, затрыманне Ігара Аліневіча ў Маскве і далейшая перавозка яго ў СІЗА КДБ у Менск адбываліся з парушэннем устаноўленых працэдур, уключаючы працэдуры экстрадыцыі беларускіх грамадзян з Расейскай Федэрацыі. Пры затрыманні ён быў пазбаўлены магчымасці атрымаць дапамогу з боку адваката і, такім чынам, магчымасці абскардзіць затрыманне. Падчас папярэдняга следства да абвінавачаных ужываліся псіхалагічны ціск і катаванні. Падчас судовага разбору не выконваўся прынцып роўнасці бакоў што да падачы доказаў. Судом часцяком не задавальняліся абгрунтаваныя хадайніцтвы абароны, у тым ліку датычна допыту сведак, і гэта ўплывала на аб'ектыўнасць разгляду справы, сведчыла аб абвінаваўчым ухіле судовага працэсу агулам.

У час знаходжання ў СІЗА КДБ разам з іншымі вязнямі Ігара катавалі. Перад тым як яго перавялі ў іншы СІЗА - на вуліцы Валадарскага ў Менску - маладому чалавеку прапаноўвалі працаваць на ўлады ў якасці хакера, ад чаго той катэгарычна адмовіўся. Са слоў маці Ігара, ён адмаўляўся ад супрацоўніцтва з КДБ тройчы, і менавіта за гэта на самай справе і трапіў пад крымінальны пераслед.

Вы можаце адправіць віншавальныя паштоўкі і лісты Ігару Аліневічу па адрасе:

211300, Віцебская вобл, Віцебскі р-н, п. Віцьба, ВК-3, атрад 2, Аліневічу Ігару Уладзіміравічу.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках