26 лiстапада 2024, aўторак, 20:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Не верце рэжыму Лукашэнкі - ён не змяніўся

47
Алесь Бяляцкі: Не верце рэжыму Лукашэнкі - ён не змяніўся

Вядомы праваабаронца, які выйшаў на волю, даў эксклюзіўнае інтэрв'ю charter97.org.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі праў чалавека Алесь Бяляцкі 21 чэрвеня выйшаў на волю ў выніку амністыі. Амаль тры гады ён правёў у калоніі паводле сфальсіфікаваных і надуманых абвінавачванняў. За гэтыя гады праваабаронца стаў адным з самых вядомых палітвязняў свету.

На вакзале ў Менску былога вязня сумлення сустракалі жонка, калегі, сябры, проста неабыякавыя грамадзяне - многія плакалі, не верачы, што Бяляцкі на волі.

Прыехаўшы дадому, Алесь Бяляцкі праз тэлефон даў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару charter97.org Наталлі Радзінай.

- Алесь, віншуем! Уся Беларусь, увесь свет радуецца вашаму вызваленню. Лукашэнка толькі сёння падпісаў закон аб амністыі, і вось вы ўжо на волі. Чаму такая аператыўнасць, бо тры гады ён адмаўляўся выпускаць вас з турмы?

- Мне пакуль цяжка ўсвядоміць, чаму гэта адбылося. Псіхалагічна я яшчэ знаходжуся на зоне. Проста прымаю тое, што адбылося, як дадзенасць.

Раніцай мяне выклікалі з працы і завялі да начальніка калоніі. Там ужо сядзеў пракурор, які абвясціў, што я трапляю пад гэтую амністыю. Мне выдалі на рукі даведку, у якой напісана: «Вызвалены паводле артыкула 6 Закона РБ «Аб амністыі» на не адбытую частку тэрміну».

Але з іншага боку, я ж з'яўляюся «злосным парушальнікам». Фактычна яны маглі мяне не вызваляць, ніхто гэтыя парушэнні з мяне не здымаў, таму вызваленне было, вядома, поўнай нечаканасцю.

Да апошняй секунды, пакуль мне не сказалі «ты свабодны», я ў гэта не верыў. Яшчэ некалькі дзён таму прыязджала адвакат і казала, што пакуль не знімуцца парушэнні, наўрад ці гэтая амністыя можа мяне закрануць.

Праз гадзіну я стаяў за плотам калоніі, мяне пасадзілі чамусьці ў «хуткую дапамогу», адвезлі на вакзал, далі квіток на электрычку і адправілі ў Менск. Ужо з электрычкі я патэлефанаваў жонцы і сказаў, што еду дадому.

- Некаторыя ўжо паспяшаліся заявіць, што, «вызваліўшы Бяляцкага, Лукашэнка павярнуўся ў бок Захаду». Вы ў гэта верыце?

- Мне цяжка зараз рабіць нейкія прагнозы, але, мабыць, маё вызваленне выкліканае пэўным ціскам як у самой Беларусі, так і звонку. У мяне заставаўся яшчэ 1 год і 7 месяцаў тэрміну, і паўтару, што фармальных падстаў вызваляць мяне не было.

Гэта не столькі паляпшэнне сітуацыі, колькі вымушаныя саступкі рэжыму ў выніку ціску ўнутранага і знешняга.

- Усіх беларускіх палітвязняў вызваляюць пад прэвентыўны нагляд. Назваць гэта свабодай нельга. На якіх умовах вас вызвалілі?

- Аб усіх абмежаваннях мне павінны сказаць у бліжэйшы час. Прэвентыўнага нагляду ў мяне не будзе, таму што не было суда, які прызначае такі нагляд. У мяне можа быць прафілактычны нагляд.

Я пайду ў міліцыю, дзе скажуць, колькі разоў я павінен там з'яўляцца і адзначацца. Гэта больш лёгкая форма назірання за тымі, хто адбыў пакаранне.

- Даходзіла інфармацыя, што адміністрацыя Бабруйскай калоніі аказвала на вас ціск.

- Гэта асобная гісторыя, у двух словах не распавядзеш. Самае істотнае - гэта, вядома, атмасфера ў сённяшняй беларускай калоніі. Гэты ціск аказваецца на ўсіх зняволеных, не толькі на палітычных.

Што тычыцца мяне, то была створана «зона нейтральнасці», якая была «замініравана». Усіх, хто парушаў гэтую зону, хто спрабаваў нейкім чынам размаўляць са мной або ісці на кантакт, адразу пераводзілі ў іншы атрад. І такіх людзей было досыць шмат за гэтыя тры гады - некалькі дзясяткаў чалавек.

Праходзіў нейкі час і кола людзей, якія жылі побач са мной, змянялі. Плюс да мяне былі пастаўленыя людзі, якія назіралі літаральна за кожным маім крокам. Я жартаваў, што нават у туалет немагчыма аднаму схадзіць - абавязкова нехта ішоў следам і назіраў, што я там раблю.

За тры гады я гэтую сітуацыю прыняў і вельмі многае ўжо прапускаў міма вушэй, таму што заўсёды ёсць лепшыя варыянты ці горшыя варыянты. Калі ты маеш пэўны вопыт зняволення, то адаптуешся і цябе многае хвалюе значна менш, чым людзей менш вопытных.

Безумоўна, парушэнні, якія на мяне вешалі, былі надуманыя. За ўвесь час іх было больш за дзесяць, і ўсе яны не вытрымліваюць ніякай крытыкі, таму што даваліся то за незашпілены гузік, то яшчэ за нейкае глупства. Але ўсе гэтыя «парушэнні» былі падставай для таго, каб не ўжыць у дачыненні да мяне амністыю ў пазамінулым годзе. Адразу перад той амністыяй «уляпілі» тры парушэнні, і ў выніку я не выйшаў на волю.

Зона поўнага адчужэння была вакол мяне да самай апошняй хвіліны. Але тут трэба было проста ведаць, з кім ты маеш справу і на што ты ідзеш, таму я пераносіў гэтыя рэчы спакойна.

- Вы патрапілі пад амністыю, таму што вас асудзілі паводле «эканамічнага» артыкула. Пры якіх умовах могуць вызваліць іншых палітвязьняў?

- Вельмі спадзяюся, што толькі на мне спіс вызваленых не скончыцца, і тыя саступкі, якія ўлады зараз робяць пад ціскам міжнароднай і беларускай грамадскасці, прадоўжацца.

Для мяне гэта (як было перад пасадкай, як ёсць цяпер) з'яўляецца адной з галоўных мэт - дамагацца таго, каб у нас у Беларусі не было палітвязняў.

- Чаго, на ваш погляд, дамагаліся ўлады, абвінавачваючы вас у фінансавых «злачынствах»?

- Мэта была адназначная. Па-першае, аказаць моцны ціск на няўрадавыя арганізацыі і праваабарончы рух.

Улічваючы, што я быў старшынёй праваабарончай арганізацыі, якая актыўна працавала перад і падчас прэзідэнцкіх выбараў, займалася назіраннем і дапамогай ахвярам палітычных рэпрэсій, маім арыштам яны хацелі аказаць моцны псіхалагічны ціск на ўсю грамадзянскую супольнасць Беларусі. Мне бачыцца гэта галоўнай мэтай. Адпаведна, у мяне была задача трымацца, каб гэтыя выдаткі былі мінімізаваныя.

- Разумею, цяжка сказаць у першыя хвіліны на волі, але ці змянілася Беларусь, на ваш погляд, за гэтыя тры гады?

- Я ў курсе таго, што адбываецца ў нашай краіне. Я выпісваў ўсе газеты (і афіцыйныя, і незалежныя), мне дасылалі раздрукоўкі з інтэрнэту. Безумоўна, агульная сітуацыя млявая, але як яно будзе далей - будзе відаць.

- Вас арыштавалі на падставе выдачы еўрапейскімі краінамі вашых рахункаў, дзе знаходзіліся сродкі для праваабарончай дзейнасці. І Літва, і Польшча прынеслі афіцыйныя прабачэнні за гэтую жахлівую памылку. У вас засталася крыўда?

- Не. У мяне не было крыўды з самага пачатку. Проста на вайне, як на вайне. Бывае, што і сваім трапляе. Са мной адбылася прыкрая памылка. Я не бачу ў гэтым нейкай пэўнай палітыкі.

- Што б вы сёння сказалі краінам Захаду, якія супрацоўнічаюць з рэжым Лукашэнкі?

- Я б іх заклікаў працягваць дапамагаць дэмакратычным сілам Беларусі і асабліва не верыць абяцанням нашага рэжыму.

Рэжым застаецца такім, якім ён быў. Усе ягоныя саступкі - тактычныя, яны не з'яўляюцца стратэгічнымі. Ніякіх стратэгічных рашэнняў аб змяненні і паляпшэнні агульнай сітуацыі няма. Гэта ўсё дробная мышыная валтузня. Вядома, дзякуючы ёй, я зараз сяджу на волі ў коле сяброў, але з большага гэта нічога не мяняе.

Фото: БелаПАН

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках