Бабруйскія ўлады забаранілі пікет салідарнасці з палітвязнем
- 14.05.2014, 16:43
- 6,319
Бабруйскі гарвыканкам не дазволіў правесці акцыю падтрымкі Яўгена Васьковіча.
Каардынатар бабруйскага аддзялення БХД Таісія Кабанчук паведаміла ПЦ "Вясна", што атрымала адказ з гарвыканкама, у якім мясцовым актывістам адмоўлена ў правядзенні пікету.
Пікет планаваўся ў якасці падтрымкі бабруйчаніна Яўгена Васьковіча, на якога аказваецца моцны ціск адміністрацыі ў Магілёўскай турме №4. Нядаўна хлопца перавялі ў адзіночную камеру, стала вядома пра ціск і з боку сукамернікаў таксама. Пасля гэтага актывісты БХД вырашылі падаць заяўкі на правядзенне пікетаў салідарнасці ў некалькіх гарадах, у тым ліку ў Бабруйску.
Нагадаем, Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым. Яго прысудзілі да 7 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў спробе падпалу дзвярэй бабруйскага аддзялення КДБ. Шмат разоў яго кідалі ў карцэр. Пазней з калоніі палітвязень быў пераведзены ў Магілёўскую турму як «злосны парушальнік рэжыму».